Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

быццам не заўважалі яго. Конніца сядзела спакойна, без прыкметнай трывогі.

Коннік-жа на гнедым кані праяўляў вялікае хваляванне; роспач і безнадзейнасць адчуваліся ў яго паводзінах.

«Што, калі я страчу яе з віду? Яна-ж загіне тут!»

— Пайшоў, Кастро! — усклікнуў Морыс з нецярплівасцю ў голасе. — Што гэта з табой сёння? Не забывайся, што ты-ж дагнаў яго мінулы раз, праўда, з цяжкасцю. Але-ж цяпер ён з седаком. Ну, хутчэй-жа! Хутчэй!

І Морыс імчаўся, не адрываючы вачэй ад конніцы, якая ўсё аддалялася. Час ад часу ён усхваляваным позіркам вымяраў падзяляўшую іх прастору.

Перад яго ўсхваляваным уяўленнем паўставалі жудасныя карціны, адна сумней за другую — карціны пагібелі і катастрофы.

— Нябесныя сілы! — вырвалася, нарэшце, у яго. — Што, калі сюды забягуць жарабцы! Гэта-ж іх улюбёнае месца. Цяпер якраз той сезон, калі яны шалеюць.

Зноў глыбока ўбіліся шпоры мустангера. Кастро паімчаўся хутчэй.

Раптам дзікія кабылы зніклі ў зарасніках. Знікненне табуна зрабіла на мустанга амаль магічнае дзеянне. Ён раптам замарудзіў бег і праз хвіліну зусім спыніўся.

Морыс імчаўся далей. Ён ужо блізка ад сваёй мэты. Сярод паляны, нерухомая, як мрамарная статуя, сядзела ў сядле Луіза.

— Міс Пойндэкстэр! — закрычаў Морыс, пад‘язджаючы. — Як я рад, што конь зноў пакорны вам. Я быў вельмі занепакоены.

— Чым, сэр? — з неўразуменнем запыталася дзяўчына.

— Той небяспекай, якая пагражала вам, — адказаў ён, некалькі азадачаны.

— О, дзякую вам, містэр Джэральд. Толькі я не бачыла ў гэтым нічога страшнага. Няўжо мне пагражала небяспека?

— Пагражала небяспека! — паўтарыў ірландзец з узрастаючым здзіўленнем. — Конна на дзікім кані, які панёс вас сярод пустыннай прэрыі!

— Ну і што-ж тут асаблівага? Вы думаеце, што ён мог скінуць мяне? Але-ж я добрая наезніца і не дазволіла-б яму гэтага зрабіць. Праўду кажучы, — прадаўжала яна са шчырай прастатой, — я не шкадавала аб тым, што конь панёс мяне. Пустая балбатня стамляе чалавека. Мне хацелася падыхаць свежым паветрам і пабыць адной. Так што, нарэшце, містэр Джэральд, усё атрымалася вельмі ўдачна.

— Вы хацелі пабыць адна? — запытаўся мустангер з расчараваным выглядам. — Я вельмі шкадую, што парушыў вашу адзіноту. Запэўняю вас, міс Пойндэкстэр, я імчаўся за вамі толькі таму, што вам пагражала небяспека.

— Гэта вельмі міла з вашага боку, сэр. Я вам вельмі ўдзячна. Вы, напэўна, баяліся нападу індзейцаў?