Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вясёлай размовы разлятаўся па прэрыі. Сінь неба пачала здавацца глыбейшай, больш ізумруднай здавалася зелень.

— Mustenos! — раптам пачуўся крык мексіканскага вакеро[1].

Морыс хутка асушыў сваю шклянку і, ускочыўшы на каня, крыкнуў:

— Cavallada?

— Не, — адказаў мексіканец, — manada.

— Што гэта яны там балбочуць? — запытаў капітан Кольхаун.

— Mustenos — мексіканская назва мустангаў, — адказаў маёр, — а манадай яны называюць табун дзікіх кабыл. У гэты час кабылы трымаюцца разам, асобна ад жарабцоў, калі толькі…

— Калі што? — нецярпліва запытаў капітан, перапыняючы тлумачэнні.

— Калі толькі на іх не нападаюць аслы, — з нявінным выглядам адказаў маёр.

Усе засмяяліся.

Між іншым манада набліжалася.

— У сёдлы! — пачуліся галасы з усіх бакоў.

Дзікі табун накіроўваўся, як відаць, цераз грэбень узвышанасці, на якім стаяў дазорны.

Дазорны ўскочыў у сядло; момант — і ён ужо сярод табуна, з ласо ў руках.

З дзікім храпеннем, у шалёным галопе імчаліся коні, нібы выратоўваючыся ад ненавіснага праследавання. Азіраючыся, яны не бачылі ні фургона, ні коннікаў.

— За імі пагоня, — сказаў Морыс, убачыўшы ўзрушаных страхам жывёл. — Што там такое, Крэспіно? — крыкнуў ён мексіканцу, які са свайго паста павінен быў бачыць, хто гнаў табун.

Чакаючы адказу, усе прыціхлі. На тварах адбіліся страх і трывога. Ці не індзейцы гэта ў пагоні за мустангамі?

— Дзікі асёл, — пачуўся адказ па-іспанскаму. — Самец, — дадаў Крэспіно.

— Ну, так. Так яно і ёсць. Трэба спыніць гэтага нягодніка, інакш ён сапсуе нам усё паляванне. Да таго часу, пакуль дзікі асёл гоніцца за табуном, ніякія сілы не спыняць коней. Ці далёка ён?

— Зусім блізка, дон Морысіо. Ён бяжыць проста на мяне.

— Накінь на яго ласо. Папрабуй. Калі не ўдасца — падстралі, як-небудзь трэба з ім расправіцца.

У чым заключалася сіла праследавальніка, аставалася таямніцай амаль для ўсіх прысутных. Толькі мустангер мог зразумець сапраўднае значэнне гэтых слоў: «дзікі асёл-самец».

— Растлумачце, Морыс, у чым справа, — папрасіў маёр.

— Паглядзіце туды, — паказаў мустангер на вяршыню гары.

Па горнаму хрыбту з хуткасцю птушкі імчалася жывёла, на якую прывыклі глядзець як на ўзор марудлівасці і дурнасці.

  1. Вакеро — пастух.