Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З‘явіліся дамы конна. Іх суправаджалі мужчыны, іх сябры і сваякі: бацькі, браты, каханкі і мужы. Амаль усе, хто быў на наваселлі ў Пойндэкстэра, сабраліся тут.

Прыехаў і сам плантатар, яго сын Генры, пляменнік Касій Кольхаун і дачка Луіза. Маладая дзяўчына была конна на крапчатым мустангу.

Пікнік наладжваўся ў гонар Пойндэкстэра. Маёр і афіцэры былі гаспадарамі, плантатар і яго сябры — запрошанымі гасцямі. Для забавы гасцей меркавалася дэманстрыраваць паляванне на дзікіх коней.

Месцам для такога спорту магла быць толькі прэрыя — за дваццаць міль ад форта Індж. Таму патрэбна было як мага раней адправіцца ў дарогу і ўзяць з сабою дастатковую колькасць правізіі.

Як толькі сонечныя праменні заігралі на люстранай гладзі Леоны, экскурсія, пад аховай дваццаці драгунаў, была гатова рушыць у дарогу. Як і ў ад‘ехаўшай раней групе з фургонам, так і тут быў свой праваднік, але толькі не стары лясны паляўнічы ў вылінялым кафтане і паношаным паяркавым капелюшы, а малады паляўнічы на дзікіх коней, прыгажун у маляўнічым касцюме мексіканскага мустангера.

— Давайце рушым, Морыс, — крыкнуў маёр, убачыўшы, што ўсе ўжо ў зборы. Затым, звярнуўшыся да прысутных, сказаў: — Лэдзі і джэнтльмены! Гэты малады чалавек — цудоўны паляўнічы і знаток дзікіх коней. Калі ў Техасе хто-небудзь можа нам паказаць, як трэба паляваць на мустангаў, дык гэта іменна ён — Морыс-мустангер.

— Я не заслугоўваю такіх пахвал, маёр, — адказаў малады ірландзец, далікатна пакланіўшыся кампаніі. — Я толькі абяцаю паказаць вам, дзе водзяцца мустангі.

«Які ён скромны», — прашаптала сама сабе Луіза.

— Тады вядзіце нас, — распарадзіўся маёр.

І адразу-ж вясёлая кавалькада з мустангерам на чале рушыла ў дарогу.

Для жыхароў Техаса праехаць дваццаць міль па прэрыі проста глупства. Гэта адлегласць была пройдзена менш чым за тры гадзіны. Падарожжа прайшло добра, калі не лічыць, што пад канец дарогі ўдзельнікі экскурсіі адчулі моцны голад.

На шчасце, фургон з правізіяй не прымусіў сябе чакаць, і яшчэ задоўга да паўдня вясёлая кампанія размясцілася ў цені вялікага арэхавага дрэва, на беразе ракі Нуэсес.


Раздзел XIV

МАНАДА

Нельга было выбраць больш удачнае месца для палявання на дзікіх коней і адначасова для вясёлага прывалу, чым тое, да якога прывёў падарожнікаў Морыс Джэральд.

Запеніліся дарагія віны з нямецкіх скляпоў Сан-Антоніо. Гул