Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і не звяртаючы ўвагі на гром воплескаў, які сустрэў яго, — ці магу я папрасіць вас падыйсці да каня, накінуць яму на шыю ласо і завесці на стайню? Калі вы гэта зробіце, ён будзе лічыць вас сваёй усмірыцельніцай і заўсёды пасля гэтага будзе пакорным вашай волі.

Жэманніца пачала-б увільваць ад такой прапановы, какетка адхіліла-б яе, а нясмелая дзяўчына проста спалохалася-б.

Але Луіза Пойндэкстэр, ні хвіліны не хістаючыся, без ценю жэманства або страху, устала і пакінула сваіх субяседнікаў. Слухаючыся ўказанняў мустангера, яна ўзяла вяроўку, сплеценую з конскага воласа, накінула яе на шыю ўціхаміранага мустанга і завяла яго ў стайню Каса-дэль-Карво.

Словы мустангера ўвесь час гучэлі ў яе вушах, водгуллем адбіваючыся ў сэрцы:

«Ён будзе лічыць вас сваёй усмірыцельніцай і заўсёды пасля гэтага будзе пакорлівы вашай волі».


Раздзел XIII

ПІКНІК У ПРЭРЫІ

Першыя ружовыя праменні ўзыходзячага сонца асвятлілі групу прадметаў, што стаялі на пляцы перад афіцэрскімі кватэрамі форта Індж.

Невялікі фургон, запрэжаны парай мексіканскіх мулаў, стаяў у цэнтры гэтай групы. Каля фургона конна на сваёй старой кабыле сядзеў Зеб Стумп.

Навокал усё было ў ліхаманкавым руху. Хутка снавалі ўзад і ўперад людзі, ад фургона яны спяшаліся да афіцэрскіх домікаў і затым назад да фургона.

Іх было каля дзесяці чалавек — салдат форта. Двое з іх, напэўна, былі паварамі, а астатнія — дзеншчыкамі мясцовых афіцэраў.

Сярод апошніх асабліва вылучаўся добра апрануты негр, які важна пахаджаў узад і ўперад. Ён састаяў у лакеях у маёра — камандзіра форта. Ролю кіраўніка гэтай кучкі людзей выконваў сержант, апрануты ў адпаведную форму.

Пікнік наладжваўся багаты — аб гэтым можна было меркаваць па разнастайнасці і колькасці нагружаемай правізіі. Тут былі скрынкі і карзіны разнастайных размераў і форм з вінамі і закускамі іншакраіннага і мясцовага паходжання.

Стары паляўнічы Зеб Стумп, які быў усё-ж нездаволены разнастайнасцю запасаемай правізіі, рашыў дабавіць яшчэ аднаго індыка і таму пачаў падганяць сержанта хутчэй рушыць у дарогу, каб паспець яшчэ схадзіць на паляванне.

Неўзабаве працэсія на чале са Стумпам рушыла ў дарогу.

* * *

Не прайшло і дваццаці хвілін з часу ад‘езду фургона з правізіяй, як на тым-жа месцы пачала збірацца другая кампанія.