Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Не прыняць прапановы маёра мустангер не мог. Гэта быў выклік. Майстэрства конніка высока цанілася ў Техасе.

Сваю згоду Морыс выказаў тым, што хутка саскочыў з сядла і, перадаўшы свайго каня Зебу Стумпу, заняўся крапчатым мустангам; затым ён папрасіў аслабаніць месца.

Гэта было выканана ў міг — большая частка кампаніі вярнулася на азотэю.

Накінуўшы ласо на ніжнюю сківіцу мустанга і зацягнуўшы яго на галаве жывёлы ў выглядзе аброці, Морыс Джэральд ускочыў на спіну каня.

Упершыню дзікі конь адчуў такую абразу.

Прарэзлівае злоснае ірзанне выказала яўны пратэст супроць пасягання на яго свабоду.

Конь стаў дыба і некалькі хвілін захоўваў роўнавагу ў гэтым палажэнні. Коннік не перапалохаўся, ён абхапіў шыю каня абодвума рукамі. З сілай сціскаючы яго горла, коннік шчыльна прыціснуўся да корпуса мустанга. Каб не зрабіў ён гэтага, конь мог-бы кінуцца на спіну і раздушыў-бы пад сабою седака.

У адказ на гэта мустанг падняў свой круп — прыём, якім заўсёды карыстаюцца ў такіх выпадках дзікія коні. Гэта паставіла конніка ў асабліва цяжкае становішча: ён рыскаваў быць скінутым. Упэўнены ў сваіх сілах, мустангер адмовіўся ад сядла і страмён, а цяпер яны-б яму вельмі дапамаглі. Аднак, ён свядома не зрабіў гэтага, каб не зняславіць свайго гонару — усмірыцеля дзікіх мустангаў. Але ён справіўся і так.

Два ці тры разы паўтарыў мустанг спробу скінуць седака, але кожны раз павінен быў уступіць лоўкасці наезніка. Зразумеўшы, нарэшце, дарэмнасць сваіх намаганняў, раз‘юшаная жывёла перастала біць нагамі і, сарваўшыся з месца, панесла конніка па прэрыі.

Госці ціха сядзелі на сваіх месцах, чакаючы звароту Морыса. Меркаванні, што мустангер можа быць забіты або прынамсі пакалечаны, неаднаразова выказваліся на азотэі. Сярод прысутных быў адзін чалавек, які патаемна чакаў гэтага, і другі, для якога гэта было-б тое самае, што ўласная смерць. Чаму Луіза Пойндэкстэр, дачка гордага плантатара цукровага трысця, вядомая красуня, чаму яна захапілася бедным паляўнічым Техаса, — гэта было таямніцай, якую нават яна сама не магла вырашыць.

Яна разумела, што ў ёй успыхнула нейкая незвычайная цікавасць да гэтага надзвычайнага чалавека, — ён так моцна адрозніваўся ад усіх тых людзей, якіх яна сустракала ў сваім кругу. Яна таксама разумела, што гэтае дзіўнае пачуццё, замест таго каб сціхнуць, увесь час павялічвалася.

І сэрца Луізы забілася яшчэ мацней, калі Морыс-мустангер зноў з‘явіўся на дзікім кані, але ўжо больш не дзікім, а ўціхаміраным, які ўжо не спрабаваў скінуць яго, а прыціх і зрабіўся пакорлівым, прызнаў у ім свайго гаспадара.

— Міс Пойндэкстэр, — сказаў мустангер, саскокваючы з каня