Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

адной Луізы. Не гледзячы на запылены ў дарозе касцюм, мустангер быў вельмі прыгожы. Прароблены ім шлях, звыш дваццаці міль, як быццам ніколькі не стаміў яго. Стэпавы вецер разрумяніў твар маладога ірландца. У расшпіленым каўняры рубашкі прыгожа выдзялялася сільная, бронзавая ад загару шыя, якая падкрэслівала яго мужную прыгожасць. Прыгожанькая пляменніца камісара з захапленнем усміхалася яму. Гаварылі таксама, што і жонка камісара паглядвала на яго, але гэта, як відаць, быў толькі паклёп, які зыходзіў ад доктаршы, вядомай пляткаркі форта.

— Няма сумнення, — сказаў Пойндэкстэр, агледзеўшы злоўленага мустанга, — што гэта іменна той конь, аб якім мне гаварыў Зеб Стумп.

— Так, гэта той самы, — адказаў стары паляўнічы, падыходзячы да Морыса, каб дапамагчы яму. — Зусім правільна, містэр Пойндэкстэр, гэта яна, — кабыла, як вы самі можаце пераканацца. Гэты хлапец злавіў яе яшчэ да маёй з ім размовы. Добра, што я ўсё-ж у час паспеў. Красуня-ж, бадай, магла трапіць у іншыя рукі, а гэта надта засмуціла-б міс Луізу.

— Гэта правільна, містэр Стумп. Вы вельмі да мяне ўважлівы. Я проста не ведаю, як аддзякаваць вам за вашу дабрату.

— Аддзякаваць! Вы хочаце сказаць, што хацелі-б мне зрабіць што-небудзь прыемнае? Гэта вам няцяжка будзе. Бо я-ж, увогуле, нічога асаблівага не зрабіў — па прэрыі пракаціўся, вось і ўсё. А палюбавацца на такую красуню, як вы, седзячы конна на гэтай кабыле, ды яшчэ ў вашым капелюшы з пяром і ў спадніцы з хвастом, — ды гэтага-ж зусім дастаткова, каб аплаціць Зебу Стумпу прабег уздоўж усяго хрыбта Скалістых гор і назад.

— О, містэр Стумп! Вы непапраўны ліслівец! Паглядзіце навокал сябе, і вы знойдзеце жанчын, якія больш за мяне заслугоўваюць вашых кампліментаў.

— Добра, добра! — адказаў Зеб, кінуўшы павярхоўны позірк на прысутных дам. — Я не адмаўляю, што тут шмат прыгожых жанчын, чорт пабяры, так, шмат прыгожых жанчын, але як гаварылі ў нас у Луізіяне, Луіза Пойндэкстэр толькі адна.

Выбух рогату, у якім можна было адрозніць толькі нямнога жаночых галасоў, быў адказам на галантную гаворку Зеба.

— Я вам вінен дзвесце долараў, — сказаў плантатар, звяртаючыся да Морыса і паказваючы на крапчатага мустанга. — Здаецца, аб гэтай суме дагаварваўся з вамі містэр Стумп?

— Я не ўдзельнічаў у гэтай здзелцы, — адказаў мустангер, многазначна ўсміхаючыся. — Я не магу ўзяць вашых грошай. Гэты конь не прадаецца.

— На самай справе? — сказаў плантатар, адступаючы назад з выглядам абражанай гордасці.

Сябры плантатара і афіцэры форта не маглі захаваць сваё надзвычайнае здзіўленне.