Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўнізе, ля рэчкі, глядзяць, як там робяць агарожу. Так, так, там вы іх абодвух знойдзеце.

— Унізе, ля рэчкі? Гэта далёка адгэтуль, як ты думаеш?

— О, сэр! Негр думае, што гэта каля трох або чатырох міль, калі не далей.

— Тры або чатыры мілі? Ды ты-ж зусім дурны. Хіба плантацыя містэра Пойндэкстэра цягнецца на такую адлегласць? А наўрад ці будзе ён будаваць агарожу на чужой зямлі. Вось што: скажы лепш, калі вы яго чакаеце? Спадзяюся, што гэта ты павінен ведаць?

— Яны абодва павінны вярнуцца вельмі хутка, і містэр Кольхаун таксама, О, у нас сёння вялікае свята — вы можаце меркаваць аб гэтым па паху з кухні. І чаго там толькі не гатуюць сёння! Наш гаспадар задае пір не горш за тых, якія ў нас наладжваліся ў Луізіяне.

— О, містэр Стумп, гэта вы? — пачуўся срабрысты галасок, і на верандзе з‘явілася Луіза Пойндэкстэр.

— Я так і думала, што гэта вы, — прадаўжала яна, падыходзячы да парэнчаў, хоць і не чакала ўбачыць вас так хутка. Мне здавалася, што вы адправіліся ў далёкае падарожжа. Але я вельмі рада, што-бачу вас тут. Тата і Генры таксама будуць вельмі рады вам. Плутон, ідзі зараз-жа да Хлоі і запытайся ў яе, што яна можа даць, каб накарміць містэра Стумпа. Вы-ж не абедалі, праўда? Вы ўвесь у пыле — вы далёка ездзілі? Фларында, збегай хутчэй у буфет і прынясі чаго-небудзь выпіць. Я не сумняваюся, што ў містэра Стумпа павінна быць моцная смага ў такі гарачы дзень, як сёння. Што вы больш любіце: партвейн, шэрры, кларэт? Ах так, цяпер я ўспомніла — вы прыхільнік манонгахельскага віскі. У нас, здаецца, знойдзецца. Бяжы, Фларында, і нясі хутчэй. Падымайцеся на веранду, містэр Стумп, і сядайце, калі ласка. Вы хацелі бачыць бацьку? Ён павінен вярнуцца з хвіліны на хвіліну. А я пастараюся забавіць вас да яго прыходу.

Калі-б маладая дзяўчына і раней скончыла гаварыць, яна ўсероўна не атрымала-б адказу зараз-жа. Нават і цяпер прайшло некалькі секунд, перш чым Стумп пачаў размаўляць. Ён стаяў, не адрываючы вачэй ад яе, і як быццам знямеў.

— Нябесныя сілы, міс Луіза! — нарэшце выгаварыў ён. — Калі я бачыў вас на Місісіпі, я думаў, што вы самая прыгожая істота на зямлі. Але цяпер я ўпэўнены, што вы самая цудоўная істота не толькі на Зямлі, але і на небе.

Толькі што прычасаныя валасы маладой крэолкі прыгожа блішчэлі. Яе шчокі гарэлі яркім румянцам пасля халоднай вады. Стройная, у лёгкай сукенцы з белай індзейскай кісеі, Луіза Пойндэкстэр сапраўды была надзвычай прыгожая.

— Ой, ой! Містэр Стумп, гэтага я ад вас не чакала. Техас навучыў вас гаварыць любезнасці. Калі вы будзеце прадаўжаць гэтак і надалей, я баюся, што вы развучыцеся гаварыць проста,