Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

з незахаванай цікаўнасцю. — Вы гаворыце, што ніводзін з гэтых джэнтльменаў вам не падабаецца? Але-ж будуць вельмі-вельмі прыгожыя мужчыны. Будзе гэты малады плантатар і тыя два прыгожыя афіцэры — не, тры прыгожыя афіцэры. Вы ведаеце іх? Яны ўсе былі надта ласкавыя да вас. Вы ўпэўнены, міс, што ні аб адным з іх вы не ўздыхаеце?

— Зноў аб уздыханнях! — вымушана засмяялася Луіза. — Досыць, Фларында, мы трацім час. Не забывайся, што ў нас сёння вялікі прыём, і мне патрэбна прынамсі поўгадзіны, каб крыху сканцэнтравацца і быць на вышыні сваёй ролі — гаспадыні дома.

— Не турбуйцеся, міс Луі, не турбуйцеся. Вас апрануць няцяжка. У любым адзенні вы прыгожая. Вы ўсёроўна будзеце першай красуняй, калі нават апранеце простую сукенку работніцы плантацыі.

— Як, аднак, ты навучылася ільсціць, Фларында! Я падазраю, што табе ад мяне штосьці трэба. Магчыма ты хочаш, каб я памірыла цябе з Плутонам?

— Не міс, Плутон ніколі больш не будзе маім прыяцелем. Ён быў такім баязліўцам, калі на нас наляцела бура ў гэтай чорнай прэрыі. О, міс Луі, што-б мы толькі рабілі, калі-б да нас не падаспеў гэты малады джэнтльмен на гнедым кані!

— Калі-б не ён, дарагая Фларында, напэўна нікога з нас не было-б тут.

— О, міс! А які-ж ён прыгожы! Вы памятаеце яго твар! А яго густыя валасы зусім такога колеру, як вашы, толькі ўюцца яны крыху падобна да маіх. І што той малады плантатар або афіцэры ў параўнанні з ім! Нікуды яны няварты. Мы, негры, так і называем іх белым смеццем. А аб такім мужчыне, як той прыгажун, я разумею, можна ўздыхаць. Ён варты гэтага.

Да гэтага моманту маладая крэолка захоўвала да некаторай ступені спакой. Яна спрабавала быць спакойнай і надалей, але не змагла. Ці выпадкова, ці наўмысна, але Фларында закранула самыя патаемныя пачуцці сваёй маладой пані. Луізе не хацелася адкрыць сваю таямніцу нават нявольніцы. І яна была рада, што іменна ў гэты момант на дварэ пачуліся гучныя галасы. Гэта было досыць добрай прычынай, каб скончыць хутчэй туалет, а разам з тым і размову, якую ёй не хацелася прадаўжаць.


Раздзел XI

НЕЧАКАНЫ ПРЫЕЗД

— Гэй, ты, негр, дзе твой гаспадар?

— Містэр Пойндэкстэр, сэр? Стары ці малады?

— Навошта мне малады? Я пытаюся містэра Пойндэкстэра. Дзе ён?

— Так, так, сэр, яны абодва дома, гэта значыць іх абодвух няма дома — ні старога гаспадара, ні маладога містэра Генры. Яны