Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Не зусім так. Мне здаецца, што ён да яе няроўнадушны.

— І карыстаецца ўзаемнасцю?

— Гэтага я не ведаю. Як відаць, ён любімец яе бацькі. І мне нават растлумачылі, праўда, пад вялікім сакрэтам, прычыну гэтай сімпатыі. Гэта звычайная гісторыя — усё пабудавана на грашовай залежнасці. Пойндэкстэр ужо не такі багаты, як раней, інакш мы ніколі не ўбачылі-б яго тут.

У гэты момант ражок пратрубіў збор да ранішняга агляду, — цырамонія, якая захоўвалася ў маленькім форце таксама строга, як быццам-бы ў наяўнасці быў армейскі корпус.

І тры афіцэры разышліся, кожны да сваёй часці, каб падрыхтаваць іх да агляду, які рабіўся маёрам, камандзірам форта.


Раздзел X

КАСА-ДЭЛЬ-КАРВО

Памесце, або гасіенда, Каса-дэль-Карво цягнулася ўздоўж лясістых берагоў Леоны больш чым на тры мілі, у бок-жа прэрыі, на поўдзень, яно займала ўдвая большую прастору.

Сядзібны дом у Мексіканскай Амерыцы звычайна, хоць і няправільна, называецца таксама гасіендай. У Каса-дэль-Карво ён пабудаваны на адлегласці пушачнага стрэлу ад форта Індж, адкуль відаць частка яго белых сцен. Большая-ж частка гасіенды схавана пад ценем высокіх дрэў, якія абводзілі берагі ракі. Рака тут робіць круглую луку ў форме падковы. Адсюль і назва «Casa del Corvo» — «Дом на луцэ».

Месца для пабудовы дома было выбрана, напэўна, з мэтай лепшай абароны яго ад індзейцаў, якія тэрарызавалі сваімі нападамі еўрапейскіх перасяленцаў у раннія дні каланізацыі Амерыкі.

Між іншым, гэта небяспека астаецца і да сёнешняга дня.

Сваім фасадам гасіенда абернута ў бок прэрыі, якая, як бясконцы ізумрудны кавёр, рассцілаецца перад ёю да самага гарызонта.

Архітэктура Каса-дэль-Карво, як і іншых сядзібных пабудоў Мексікі, носіць характар маўрытанска-мексіканскага стылю. Дом аднапавярховы, з плоскім дахам — азотэяй, абнесенай парэнчамі. Унутры пабудовы знаходзіцца выбрукаваны плітамі двор з фантанам і лесніцай, якая вядзе на азотэю. Масіўныя драўляныя вароты на цяжкіх балтах размешчаны з боку галоўнага пад‘езду. З абодвух бакоў варот два або тры акенцы з жалезнай рашоткай. За сценамі агарожы — некалькі ўбогіх халуп, населеных нявольнікамі-неграмі. Іх убогія домікі былі рэзкім кантрастам у параўнанні з панскай сядзібай плантатара.

Такой была гасіенда, набытая плантатарам з Луізіяны.