Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Аніколькі, Кросман. Наадварот, запэўняю вас. Яна разумная дзяўчына і не любіць залішняй фамільярнасці. Яна атрымала ў спадчыну гордасць свайго бацькі. Гэта фамільная рыса Пойндэкстэраў.

— Дзяўчына якраз майго густу, — жартаўліва заўважыў малады драгун, — і калі яна такая прыгожая, як вы гаворыце, капітан Сломан, то я, напэўна, закахаюся ў яе. Маё сэрца вольнае, не так, як у Кросмана.

— Паслухайце, Генкок, — адказаў стрымана капітан, — я не люблю ісці ў заклад, але я запэўняю вас, што пасля таго, як вы ўбачыце Луізу Пойндэкстэр, вы перастанеце гаварыць аб ёй у такім тоне.

— Не турбуйцеся, калі ласка, аба мне, Сломан. Я занадта часта бываў пад агнём прыгожых вачэй і таму не вельмі гэтага баюся.

— Але на такіх цудоўных…

— Чорт пабяры! Вы прымусіце чалавека закахацца ў жанчыну, нават не зірнуўшы на яе. Яна, напэўна, зусім незвычайная і ні з кім непараўнальная.

— Так, яна была такою, калі я яе бачыў апошні раз. Але я павінен папярэдзіць вас, перш вым вы канчаткова закахаецеся, што ў сям‘і ёсць чалавек, які можа нарабіць вам непрыемнасці.

— Брат, мусіць? Браты звычайна перашкаджаюць.

— У яе ёсць брат, але не ў ім справа. Гэта цудоўны юнак — адзіны з Пойндэкстэраў, якога не точыць чарвяк гордасці.

— Тады яе арыстакратычны татка?

— Не, не стары Пойндэкстэр.

— Хто-ж яшчэ?

— Яе стрыечны брат — Касій Кольхаун. Вельмі дзіўны суб‘ект.

— Я, здаецца, чуў гэтае імя.

— І я таксама, — сказаў малодшы лейтэнант.

— Аб ім чуў кожны, хто так або інакш меў дачыненне да мексіканскай вайны, гэта значыць хто ўдзельнічаў ў паходзе Скота. Трэба сказаць, што ён пакінуў аб сабе нядобрую памяць. Як ураджэнец штата Місісіпі, ён быў капітанам у палку місісіпскіх валанцёраў. Толькі яго часцей сустракалі ў тылу за картачным сталом, чым у штабе палка. Былі ў яго адна або дзве справы, якія склалі яму рэпутацыю брэтэра[1]. Але гэтую славу ён набыў яшчэ да мексіканскай вайны. У Новым Орлеане ён лічыўся небяспечным чалавекам.

— Ну, і што-ж? — запытаўся малады драгун з некаторай недаверлівасцю ў голасе. — Каму якая справа, небяспечны чалавек містэр Касій Кольхаун ці бяскрыўдны. Мне, па праўдзе сказаць, гэта ўсёроўна. Вы-ж гаворыце, што ён ёй усяго толькі стрыечны брат.

  1. Брэтэр — дуэлянт, забіяка.