Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

або пасыльных плантатара з суседняга сетлмента; уявіце іх сабе стаячымі невялікімі групкамі і балбочучымі паміж сабою або фланіруючымі па раўніне паміж фургонамі; пару цяжкіх гармат на цялежцы; адну або дзве белыя палаткі, занятыя афіцэрамі, якія з арыгінальнасці лічаць за лепшае спаць пад прыкрыццём парусіны; некалькі вінтовак са штыкамі, — уявіце сабе ўсё гэта, і перад вашымі вачыма ўстане праўдзівая карціна ваеннага форта, які знаходзіцца на граніцы Техаса, на ўскраіне цывілізацыі.

* * *

Праз тыдзень пасля таго, як плантатар з Луізіяны прыехаў у новы дом, на плац-парадзе перад фортам Індж стаялі тры афіцэры і глядзелі ў бок гасіенды Каса-дэль-Карво.

Яны ўсе былі маладыя — старэйшаму з іх было не больш трыццаці год. Пагоны з двума палоскамі паказвалі на капітанскі чын аднаго; другі, з адной палоскай, быў старшым лейтэнантам; трэці, мяркуючы па яго пустых шэўронах, быў, як відаць, малодшым лейтэнантам.

Яны былі свабодныя ад службы і размаўлялі паміж сабою аб уноў прыбыўшых жыхарах Каса-дэль-Карво.

— Мяркуецца штосьці накшталт наваселля, — сказаў капітан пяхоты, маючы на ўвазе запрашэнне, атрыманае ўсім афіцэрскім саставам гарнізона. — Спачатку абед, а пасля танцы — сапраўдная падзея, і мы, напэўна, сустрэнем там усю нашу арыстакратыю і ўсіх красунь сетлмента…

— Арыстакратыя? — смеючыся, адазваўся лейтэнант драгунскага палка. — Нельга сказаць, каб у нас было многа арыстакратаў, а красунь яшчэ менш.

— Вы памыляецеся, Генкок. На берагах Леоны можна знайсці і тых і іншых. Некаторыя са знатных сем‘яў Злучаных штатаў пераехалі сюды. Мы сустрэнем іх на свяце ў Пойндэкстэра, у гэтым я не сумняваюся. Што-ж датычыць арыстакратызма, то сам гаспадар надзелены ім у такой колькасці, што адна толькі яго прысутнасць будзе дзейнічаць накшталт прышчэпкі, якой хопіць на ўсіх гасцей. А адносна красунь, то іду ў заклад, што яго дачка лепшая за ўсіх дзяўчын на гэтым баку Сабіны. Пляменніцы камісара прыдзецца ўступіць ёй сваё месца першай красуні.

— Вось як! — выразна працягнуў лейтэнант стралковых войск. — Значыць, міс Пойндэкстэр павінна быць чартоўскі прыгожая.

— Яна надзвычай прыгожая, кажу я вам, калі толькі яна не збрыдчэла з таго часу, як я яе бачыў апошні раз на бале ў Лофурша. Там было некалькі маладых крэолаў, якія дабіваліся яе ўвагі, і справа ледзь не дайшла да дуэлі.

— Какетка, напэўна? — заўважыў стралок.