Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

кактуса і з мноствам уючыхся і паўзучых раслін-паразітаў, амаль невядомых батаніку. На поўдзень і ўсход па беразе рэчкі раскіданы дамы-сядзібы пры плантацыях. Некаторыя з іх больш прымітыўнай і новай будовы, іншыя больш утончанага стылю і, як відаць, ужо саліднага ўзросту. Адзін з гэтых дамоў асабліва звяртае на сябе ўвагу, — гэта вялікая пабудова з плоскім дахам з зубчатымі брустверамі; белыя сцены рэзка выдзяляюцца на зялёным фоне лесу, які акружае дом поўкругам, Гэта гасіенда Каса-дэль-Карво.

Але вось вы павярнуліся на поўнач, і перад вамі нечакана вырастае адзінока стаячая гара конусападобнай формы. Яна падымаецца на некалькі соцень футаў[1]. Ззаду яе ў туманнай далечыні вырысоўваецца ломаная лінія Гвадалупскіх гор.

Паглядзіце вышэй, і вы ўбачыце неба — поўсапфіравае, поўбірузовае. Удзень яно зусім чыстае і бязвоблачнае, і вы ўбачыце на ім толькі залатое ззянне сонца. Уночы яно ўсеяна зоркамі, як быццам выкаванымі з чыстай сталі, а выразна акрэслены дыск месяца здаецца тут зусім срэбраным.

Паглядзіце ўніз у той час, калі ўжо зніклі месяц і зоркі, калі ветрык, напоўнены араматамі кветак, дзьме з заліва Матагорда, — паглядзіце, і вы ўбачыце карціну, настолькі стракатую і яркую, настолькі багатую разнастайнымі абрысамі, фарбамі, касцюмамі, што апісаць яе амаль немагчыма.

Вы ўбачыце салдат у блакітнай форме пяхоты Злучаных штатаў, сінія мундзіры драгун, светлазялёныя — стралкоў. У поўным абмундзіраванні вы сустрэнеце толькі некалькіх дзяжурных афіцэраў. Іх таварышы, карыстаючыся вольным часам, блукаюць сярод баракаў або ўнутры частакола ў чырвоных фланелевых рубашках, у мяккіх капелюшах і нячышчаных ботах.

Афіцэры размаўляюць з людзьмі, апранутымі зусім не па-ваеннаму. Гэта паляўнічыя — у свабоднай вопратцы з аленевай скуры і з такімі-ж крагамі; пастухі, мустангеры — у мексіканскіх касцюмах, у шырокіх штанах, з шалем — серапэ — на плячах і нядбайна заламаным набок чорным глянцавым капелюшом — самбрэро. Афіцэры размаўляюць з індзейцамі, якія прышлі ў форт для сяброўскіх перагавораў або па справах гандлю, або для заключэння міру, — іх палаткі відаць непадалёку. Фігуры індзейцаў, задрапіраваных у свае даматканыя чырвоныя, зялёныя і блакітныя шалі, здаюцца незвычайна маляўнічымі і амаль класічна прыгожымі. Нават недарэчная разрысоўка, якою яны зрабілі ўродлівай сваю скуру, і ліпкія ад гразі чорныя доўгія валасы, падоўжаныя яшчэ пасмамі конскіх валасоў, не могуць парушыць іх строгай прыгожасці.

Уявіце сабе гэтую сумесь нацыянальнасцей у іх разнастайных касцюмах, згодна патрабаванняў расы, умоў жыцця і прафесіі; дадайце яшчэ чарнаскурых неграў — афіцэрскіх грумаў

  1. Фут — 30,4 см.