Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Раздзел IX

ПАГРАНІЧНЫ ФОРТ

На высокім флагштоку форта Індж развяваўся флаг, усеяны звёздамі; ён адкідваў хістаючыяся цені на зусім своеасаблівую і незвычайную карціну.

Гэта карціна сапраўднага парубежнага жыцця — поўваеннага, поўграмадзянскага, напалову дзікага, напалову цывілізаванага.

Людзі тут стракацяць разнастайнасцю сваіх касцюмаў і колеру скуры.

І самы форт мае нейкі незвычайны выгляд. Тут няма ні казематаў, ні патаемных ходаў, ні канаваў, ні эскарпаў, ні гласісаў — амаль нічога, што нагадвала-б крэпасць. Просты частакол са ствалоў трапічнай алгаробіі стаіць навокал паветкі-канюшні для двухсот коней. За межамі яго — дзесятак пабудоў няхітрай архітэктуры з плеценымі сценамі, абмазанымі глінай. Ззаду размешчан шпіталь, склады. З аднаго боку гауптвахта, з другога — сталовая і афіцэрскія кватэры.

Усё надзвычай проста, але чыста і ахайна. Простыя атынкаваныя сцены выбелены вапнай. Такі форт Індж.

На невялікай адлегласці — другая група дамоў, не большая за тую, якая называецца фортам. Яны таксама знаходзяцца пад апекай амерыканскага флага; хоць непасрэдна над імі ён не развяваецца, але яму яны абавязаны сваім з‘яўленнем і існаваннем. Гэта зародак аднаго з тых пасёлкаў, якія звычайна з‘яўляюцца недалёка ад амерыканскага ваеннага пункта і затым хутка развіваюцца і робяцца вялікімі гарадамі.

У сучасны момант насельніцтва пасёлка складаецца: з маркітанта, на складзе якога ёсць спіртныя напіткі, не залічаныя ў ваенны паёк; гаспадара гасцініцы, пры якой знаходзіцца бар-шынок, з чыстымі землянымі падлогамі і прывабнымі палічкамі, устаўленымі бутэлькамі для спакусы прыходзячых п‘яніц; кучкі прафесіянальных ігракоў, якія ачышчаюць кішэні мясцовага гарнізона; двух дзесяткаў цёмнавокіх сен‘ёрыт сумніцельнай рэпутацыі і такой-жа колькасці паляўнічых, пагоншчыкаў, мустангераў і наогул людзей, якіх цяжка вызначыць і якія ва ўсіх краінах складаюць неабходную прыналежнасць кожнага ваеннага паселішча.

Дамы гэтага невялікага пасёлка размешчаны ў некаторым парадку. Як відаць, усе яны — уласнасць аднаго прадпрыемца. Яны стаяць вакол «сквера», дзе замест вулічных ліхтароў і статуй тырчаць над «каўром» вытаптанай травы засыхаючы ствол кіпарыса і некалькі кустоў.

Леона ў гэтым месцы звужаецца да размеру маленькай крыніцы і цячэ ззаду форта і пасёлка. Перад ёю рассцілаецца раўніна, пакрытая яркай ізумрудавай зеленню і ўдалечыні акрэсленая больш цёмнай паласой лесу. Тут магутныя дубы, арэхавыя дрэвы, вязы змагаюцца за сваё існаванне з калючымі пораслямі