Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Не бойся, містэр Фелім, — сказаў стары паляўнічы, пераступаючы парог халупы, — цяпер нічога страшнага няма. Я дастаў кветачку, якая хутка выцягне ўвесь жар з тваёй крыві. Спыні сваё выццё, кажуць табе! Ты разбудзіў усіх птушак, звяроў і паўзуноў на дваццаць міль уверх і ўніз па рацэ. Калі ты будзеш прадаўжаць гэтак і далей, сюды збягуцца ўсе каманчы, а гэта, бадай, будзе горш, як тысячаножка. Містэр Джэральд, прыгатуйце павязку, пакуль я буду прэпарыраваць расліну.

Паляўнічы перш за ўсё зняў нажом шыпы. Абабраўшы затым скурку, ён нарэзаў кактус тоўстымі кавалкамі і пакрыў імі ўспаленую паласу на целе Феліма, пасля чаго перавязаў пацярпеўшага чыстай анучкай, прыгатаванай мустангерам. Успаленне было выклікана не тым, што тысячаножка проста прапаўзла, як думаў Зеб, а тым, што яна тысячу разоў упілася ў спячага гальвейца сваімі ядавітымі сківіцамі.

Кактус хутка аказаў сваё дзеянне — востры сок расліны даў добрае супроцьяддзе. Супакоены Фелім хутка заснуў. Пасля няўдалай спробы знайсці тысячаножку доктар-самавучка вярнуўся на сваю палянку, дзе спакойна праспаў да раніцы.

На золаку ўсе трое былі на нагах. Фелім паспеў паправіцца ад перажытага сполаху і ліхарадкі. Паснедаўшы рэшткамі смажанага індыка, яны пачалі збірацца ў дарогу. Фелім пры дапамозе паляўнічага падрыхтаваў дзікіх коней для перагону цераз прэрыю. Морыс гэтым часам рыхтаваў у дарогу свайго каня і крапчатую кабылу. Асабліва вялікую ўвагу ён удзяляў цудоўнай палонніцы. Ён старанна расчэсваў яе грыву і хвост і счышчаў з бліскучай шэрсці плямы гразі — сляды ўпартай пагоні.

— Кіньце гэта, — сказаў Зеб, наглядаючы не без здзіўлення за мустангерам. — Вы дарэмна так стараецеся. Вудлі Пойндэкстэр не з тых людзей, якія адмаўляюцца ад свайго слова. Тое, што вы атрымаеце дзвесце долараў, гэта таксама-ж правільна, як тое, што мяне завуць Зебам Стумпам. Чорт возьмі, яна-ж варта гэтых грошай!

Морыс нічога не адказаў, але, мяркуючы па ўсмешцы, якая з‘явілася ў куточках яго рота, можна была зразумець, што Зеб Стумп зусім не зразумеў прычыны яго асаблівай увагі да крапчатага мустанга.

Не прайшло і гадзіны, як мустангер рушыў у дарогу на сваім гнедым кані, ведучы за сабою на ласо прыгожую палонніцу. Астатнія мустангі беглі трушком за Фелімам. Зеб Стумп на сваёй старой кабыле ледзь паспяваў за імі.

Ззаду ўсіх, асцярожна ступаючы па калючай траве, не спяшаючыся, бег Тара.

Ніхто не астаўся ахоўваць халупу; зачынілі толькі дзверы, абцягнутыя конскай скурай, каб не забрылі ў яе чатырохногія жыхары прэрыі. На некаторы час цішыня яе самотнасці будзе парушацца толькі крыкам савы, прарэзлівымі завываннямі пумы і сумным выццём галоднага воўка.