Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

то нядзіва, што ён гаварыў больш за ўсіх. А Фелім толькі час ад часу выказваў уголас сваё здзіўленне адносна надзвычайных здарэнняў.

Аднак, гутарка спынілася яшчэ задоўга да надыходў паўночы. Напэўна, апарожненая бутля больш за іншыя прычыны прымусіла субяседнікаў падумаць аб адпачынку.

Стары паляўнічы прывязаў сваю кабылу на доўгую вяроўку, каб яна магла пасвіцца, і захапіў з сабою з сядла старую, пажаўцелую коўдру, якая служыла яму звычайнай пасцельнай прыналежнасцю.

— Кладзіцеся на мой ложак, — далікатна прапанаваў яму гаспадар, — а я лягу на падлозе, падаслаўшы конскую скуру.

— Не, — адказаў госць, — ніводная з вашых палічак непрыгодна для таго, каб Зеб Стумп мог спаць на іх. Я лічу за лепшае зямлю. Мне лепш за ўсё спіцца на зямлі, ды і, апрача таго, няма небяспекі скінуцца.

— Калі вам так падабаецца, кладзіцеся на падлозе; вось тут будзе лепш за ўсё, я вам пасцялю скуру.

— Малады чалавек, калі ласка, не турбуйцеся — няварта дарэмна траціць часу. Такі хлапчына, як я, не можа спаць ні на якой падлозе. Яго пасцель — зялёная трава прэрыі.

— Няўжо вы збіраецеся спаць пад адкрытым небам? — усклікнуў здзіўлены мустангер, убачыўшы, што госць са сваёй коўдрай праз плячо накіроўваецца да выхаду.

— Так, і нічога іншага я не маю намеру рабіць.

— Але, паслухайце, ноч-жа халодная, вы празябнеце.

— Гэта глупства. Няхай я крыху празябну, усё-ж гэта лепш, чым задыхацца без паветра пад страхой.

— Вы жартуеце, містэр Стумп?

— Малады чалавек! — горача адазваўся паляўнічы. — Зеб Стумп за апошнія шэсць год ні разу яшчэ не расцягнуў сваіх старых касцей пад страхою. У мяне некалі было штосьці падобнае да дома — у дупле старой смакоўніцы. Гэта было на Місісіпі, калі мая старая была яшчэ жыва, і я захоўваў гэтае жыллё дзеля яе. Пасля яе смерці я перабраўся ў Луізіяну, а пасля сюды. З таго часу сіняе неба Техаса і ўдзень і ўночы было маёй адзінай страхой.

— Калі вы лічыце за лепшае спаць на дварэ…

— Так, я лічу за лепшае, — коратка адказаў паляўнічы, пераступаючы цераз парог і накіроўваючыся на зялёную палянку, якая была паміж халупай і рэчкай.

З ім была не толькі яго старая коўдра, — на руцэ ў яго была перакінута вяроўка шасці-сямі ярдаў даўжынёю, сплеценая з конскага воласа. Гэта быў кавалак кабрыэсто, якім звычайна карыстаюцца для таго, каб прывязаць каня на пашы, але ў даным выпадку кабрыэсто служыла для іншай мэты.

Уважліва агледзеўшы пры святле месяца палянку, паляўнічы раскінуў на ёй вяроўку кальцом.