Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Увайшоўшы ўнутр гэтай своеасаблівай агарожы і захутаўшыся ў коўдру, Зеб Стумп спакойна ўлёгся і праз хвіліну ўжо спаў.

Аднак, нядоўга яму прышлося адпачываць. Пара здзіўленых вачэй сачыла за кожным рухам паляўнічага, — гэта былі вочы Феліма О‘Ніл.

— Святы Патрык, — шаптаў ён, — што гэта азначае? Дзеля чаго стары акружыў сябе вяроўкай?

Цікаўнасць гальвейца спачатку змагалася з пачуццём далікатнасці, але пасля першая перамагла. Ледзь толькі пачулася храпенне заснуўшага паляўнічага, як гальвеец падкраўся да яго і пачаў яго трэсці, каб атрымаць адказ на неразгаданае пытанне.

— Будзь ты пракляты, ірландскі асёл! — усклікнуў Стумп з яўным нездаваленнем. — Я думаў, што ўжо раніца. Для чаго я кладу вакол сябе вяроўку? Для чаго-ж яшчэ, як не для таго, каб адгарадзіць сябе ад усякай нечысці.

— Ад якой нечысці, містэр Стумп? Вы хочаце сказаць — гадзюк?

— Ну, вядома, гадзюк, чорт-бы вас пабраў! Ідзіце спаць.

Не гледзячы на рэзкі адпор, Фелім, ззяючы, вярнуўся ў халупу. Калі ў Техасе і было што-небудзь, што назаляла горш за індзейцаў, — гаварыў ён часта сабе, — дык гэта агідныя гадзюкі, якія не даюць спаць. Ніводнай начы ён яшчэ не мог заснуць спакойна з таго часу, як сюды трапіў. Вечна толькі і думаеш аб іх або бачыш іх у сне.

Фелім, жывучы ў адзінотнай халупе, мала з кім сустракаўся і таму не ведаў аб магічных уласцівасцях кабрыэсто.

Ён не замарудзіў скарыстаць на справе набытыя веды. Ціхенька пракраўшыся ў халупу, каб не разбудзіць заснуўшага гаспадара, Фелім зняў вісячае на сцяне кабрыэсто, затым, вышаўшы зноў, акружыў ім сцены халупы.

Скончыўшы гэтую працэдуру, ён пераступіў парог свайго жылля, шэпчучы сам сабе:

— Нарэшце вось Фелім О‘Ніл зможа спаць спакойна, колькі-б там ні было гэтых гадзюк у Техасе.

Пасля гэтага ў халупе запанавала поўная цішыня. Зямляк святога Патрыка, не баючыся больш гадзюк, умомант заснуў, расцягнуўшыся на конскай скуры.

Некаторы час здавалася, што ўсе цешыліся начным адпачынкам, уключаючы Тару і злоўленага мустанга. Адзіна хто парушаў агульную цішыню, — гэта старая кабыла Стумпа, якая шчыпала сакавітую траву на начным пасбішчы.

Аднак, хутка выявілася, што стары паляўнічы не спаў. Замест таго каб ляжаць спакойна, ён варочаўся з боку на бок, як быццам нейкая неадчэпная думка пазбавіла яго сна. Скончылася гэта тым, што Стумп не вытрымаў, скінуў з сябе коўдру, сеў і нездаволена азірнуўся.