Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Я бачыў гэтага мустанга. Вы гаворыце, гэта кабыла — я гэтага не ведаў, бо яна не падпускала мяне да сябе на адлегласці поўмілі. Я бачыў яе некалькі разоў у прэрыі і хацеў, каб вы паспрабавалі злавіць яе. Я вам скажу, чаму. Я быў у сетлменце. Туды прыехаў адзін чалавек, якога я ведаў яшчэ па Місісіпі. Гэта багаты плантатар. Жыў ён раскошна і асабліва праславіўся сваімі багатымі пірамі. Шмат аленяў і індыкаў паставіў я для яго дома. Яго завуць Пойндэкстэр.

— Пойндэкстэр?

— Гэта імя ведаюць на берагах Місісіпі, ад Орлеана да Сент-Луі. Ён быў багаты, так, думаю, і цяпер не бедны, бо прывёў з сабою сотню неграў. У яго ёсць пляменнік, па імю Кольхаун, у якога ёсць долары, і рабіць хлапцу з імі няма чаго, апрача як пазычаць іх свайму дзядзьку. Цяпер, мой дружа, я скажу, чаму я хацеў пабачыцца з вамі. У плантатара ёсць дачка — вялікая ахвотніца да коней. У Луізіяне яна ездзіла на самых шалёных, якіх толькі можна было знайсці. Чула яна адзін раз, як я расказваў старому аб крапчатым мустангу. З таго часу яна не давала бацьку спакою, пакуль той не абяцаў ёй, што ён заплоціць вялікія грошы таму, хто зловіць гэтага каня. Ён сказаў, што дасць дзвесце долараў. Я ведаў, што ўсе мустангеры сетлмента адразу-ж пагоняцца за мустангам, як толькі аб гэтым даведаюцца; таму, не сказаўшы нікому ні слова, я паспяшаўся сюды на сваёй старой кабыле.

— Пойдзем са мною, містэр Стумп, — сказаў малады ірландзец, устаючы з крэсла і накіроўваючыся да дзвярэй.

Паляўнічы пайшоў за ім, некалькі здзіўлены нечаканым запрашэннем.

Морыс павёў свайго госця да паветкі, дзе быў прывязаны крапчаты мустанг.

— Ці падобны гэты конь хоць колькі-небудзь да таго мустанга, аб якім вы гаварылі, містэр Стумп?

— Чорт мяне пабяры, калі гэта не той самы мустанг! Гатова, ужо злоўлены! Дзвесце долараў — вашы. І пракляцце на мяне, калі ён не варты кожнага пені гэтай сумы! Ну і прыгожасць!

Вось будзе радасць для міс Пойндэкстэр! Яна звар‘яцее ад захаплення!


Раздзел VII

ТРЫВОЖНАЯ НОЧ

Нечаканае адкрыцце, што крапчаты мустанг ужо злоўлены, вельмі ўзняло настрой старога паляўнічага. Гэтаму нямала дапамагала таксама змесціва той бяздоннай бутлі, у якой, насуперак апасенням Феліма, усё-ж знайшлася яшчэ дастатковая колькасць віскі.

Ажыўленая гутарка сабутыльнікаў датычыла галоўным чынам паляўнічых прыгод і здарэнняў з індзейцамі.

Паколькі Зеб Стумп быў вялікім знатаком паляўнічых спраў,