Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ці не лепш вам выпіць спачатку шкляначку віна?

— Я не супраць.

— Чыстага ці з вадою?

— Шклянку грогу, толькі прынясі свежай вады з крыніцы.

Фелім узяў срэбраную шклянку і збіраўся ўжо ісці, як раптам Тара з гучным брэхам кінуўся да дзвярэй. Фелім з некаторай апаскай накіраваўся да выхаду.

Брэх сабакі змяніўся радасным піскам, як быццам ён вітаў каго-небудзь з сяброў.

— Гэта стары Зеб Стумп, — сказаў Фелім і пайшоў выканаць даручэнне.

Уноў прыбыўшы быў чалавек зусім іншага складу, чым жыхары халупы.

Гэта быў высокі мужчына, не менш шасці футаў ростам. На ім былі боты са скуры кракадзіла. У шырокія халявы былі запраўлены штаны з даматканай шэрсці, калісьці афарбаваныя кізілавай фарбай, але цяпер ужо страціўшыя ад гразі ўсякі колер. Рубашка з аленяй скуры была надзета проста на цела, а паверх яе — вельмі вылінялая зялёная камізэлька, пашытая з грубай матэрыі, работы мясцовых індзейцаў. Шэры паярковы капялюш, вельмі стары, дапаўняў яго бедны касцюм.

Паляўнічае снаражэнне Зеба Стумпа, тыповае для лясных паляўнічых Паўночнай Амерыкі, было такое-ж скромнае, як і яго касцюм. Сумка для патронаў і вялікі серпападобны рог для пораху былі падвешаны з правага боку на раменьчыку, перакінутым цераз плячо. Шырокая скураная папруга перахватвала камізэльку, і на ёй віселі скураныя ножны, з якіх высоўвалася грубая рукаятка вялікага паляўнічага нажа, зробленая з аленяга рога.

Наперакор звычаю цехаскіх паляўнічых, на яго вопратцы не было відаць ніякіх упрыгожанняў. Усё было проста, амаль груба, як быццам чалавек асуджаў усякае франтаўство.

Нават стрэльба — галоўная прылада яго рамяства — была надзвычай прымітыўнай работы. Гэтая стрэльба была такога размеру, што калі гаспадар ставіў яе на зямлю, то дула даходзіла яму да пляча.

Зебу Стумпу было з выгляду каля пяцідзесяці год. Скура ў яго была смуглая, а рысы твара на першы погляд рабілі суровае ўражанне. Аднак, прыгледзеўшыся крыху, вы пачыналі адчуваць, што гэты чалавек не пазбаўлен спакойнага юмару.

Зеб Стумп нарадзіўся і вырас у штаце Кентукі, маладосць сваю правёў сярод некранутых лясоў ніжняй Місісіпі, займаючыся выключна паляваннем. Цяпер, пад старасць, ён прадаўжаў гэтую-ж справу, але ўжо ў нетрах паўднёва-заходняга Техаса.

— Здарова, — лаканічна вітаў Зеб, загараджваючы дзверы халупы сваім вялікім целам.

— Добры вечар, містэр Стумп, — адказаў гаспадар, устаючы насустрач госцю. — Заходзьце і сядайце.