Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чога, Тара. Ён хутка павінен паехаць у сетлмент, стары ты мой пёс. Ён абяцаў і нас з сабою захваціць, — давай хоць гэтым суцяшацца. Чорт пабяры! Ужо больш трох месяцаў, як я не быў у форце. Магчыма, там, сярод нядаўна прыбыўшых салдат, я сустрэну каго-небудзь са сваіх старых знаёмых? Вось-бы добра нам тады выпіўку наладзіць! Ці не праўда, Тара?

Сабака, пачуўшы сваё імя, падняў галаву і толькі фыркнуў замест адказу.

— Я і цяпер-бы не супроць прамачыць горла, — прадаўжаў гальвеец, кідаючы прагны позірк у бок бутэлькі. — Толькі бутля вось ужо амаль парожняя, і малады гаспадар можа спахапіцца. Ды ўсёроўна-ж несумленна піць, не запытаўшыся. Праўда, Тара?

Сабака зноў падняў морду і зноў фыркнуў.

Гальвеец устаў і накіраваўся ў куток, дзе стаяла бутля.

Некалькі секунд ён прастаяў прыслухоўваючыся, павярнуўшыся проста да дзвярэй, пасля падняў спакушаўшую яго пасудзіну, выцягнуў корак, паднёс рыльца да носа і пачаў адчуваць асалоду ад спіртнага паху.

Аднак, гэта не надоўга задаволіла гальвейца.

— Чорт пабяры! — усклікнуў ён, яшчэ раз зірнуўшы ўпотайкі на дзверы. — Хто можа ўстаяць супроць паху гэтага цудоўнага віскі! Куды ні ішло, я змачу толькі кончык языка.

Рыльца бутлі дакранулася да яго губ, пачулася бульканне вадкасці…

Чмокнуўшы са здавальненнем некалькі разоў, гальвеец уваткнуў корак, паставіў бутлю на месца і зноў усеўся на крэсла.

— Ах ты, стары баламут Тара. Гэта-ж ты спакусіў мяне. Ну, нічога, гаспадар не пазнае. Да таго-ж ён хутка паедзе ў форт і там зможа зрабіць новы запас.

Некалькі хвілін гальвеец прасядзеў моўчкі. Ці думаў аб зробленым злачынстве, або проста атрымліваў асалоду ад дзеяння алкаголю, — адкуль ведаць?

Хутка ён зноў загаварыў:

— Я ніяк не разумею, чаму нашага гаспадара так і цягне ў сетлмент? Ён гаворыць, што адправіцца туды, як толькі зловіць крапчатага мустанга. І што яму раптам так спатрэбіўся гэты конь? Мне здаецца, што тут справа не так сабе. Гаспадар гаворыць, што не пакіне гэтай справы да таго часу, пакуль не даб‘ецца свайго. Як-бы не прышлося нам прасядзець тут цэлы год. Хто гэта там?

Тара кінуўся з брэхам да дзвярэй.

— Фелім! — пачуўся голас знадворку. — Фелім!

— Гэта гаспадар, — прамармытаў сам сабе Фелім, усхопліваючыся з крэсла і кідаючыся да дзвярэй услед за сабакам.