Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Унутранае абсталяванне халупы не пазбаўлена было некаторай утульнасці і камфорта. Мяккія, бліскучыя скуры самых разнастайных масцей — чорныя, гнедыя, пярэстыя і зусім беласнежныя — былі падабраны ў прыгожую гаму колераў.

Мэбля была надзвычай прымітыўная: ложак — козлы, абцягнутыя конскай скурай, пара самадзельных крэслаў і просты стол, збіты з аполкаў юкавага дрэва — вось і ўсё абсталяванне. Штосьці падобнае да другога ложка было відаць у кутку.

Паліца з кнігамі, пяро, чарніла і паштовая папера, а на стале газета неяк нечакана здзіўлялі вока ў гэтай скромнай халупе.

Тут было яшчэ некалькі і іншых рэчаў, яўна напамінаўшых аб цывілізацыі: надзвычайны скураны куфар, стрэльба-двухстволка, срэбраная шклянка чэканнай работы, паляўнічы рог і арапнік. На падлозе стаяла некалькі прадметаў кухоннага начыння, большай часткай зробленага з бляхі; у кутку — вялікая бутля, аплеценая лазою; у ёй, відаць, быў больш моцны напітак, чым вада з Аламо. Астатнія рэчы не супярэчылі агульнай карціне. Мексіканскае з высокай лукой сядло, аброць з агалоўем з плеценых конскіх валасоў, такія-ж павады, два або тры серапэ, некалькі канцоў вітай вяроўкі — усё гэта была тут зусім да месца. Такое было жыллё мустангера.

На адным з крэслаў сярод пакоя сядзеў чалавек, відаць, слуга. Гэта быў таўсцяк з купінай рыжых валасоў на галаве і з яркачырвоным тварам. На ім былі плісавыя брыджы і такія-ж гетры. Аксамітная куртка, калісьці цёмназялёнага колеру, але ўжо даўно выцвіўшая і цяпер амаль карычневая, пакрыта была вялікай колькасцю кішэнь рознай велічыні. Адзеты набок капялюш з загнутымі ўверх палямі дапаўняў касцюм. Можна яшчэ дадаць, што вакол каўняра грубой калянкоравай рубашкі была нядбайна завязана чырвоная паркалёвая хустка, а на нагах красаваліся характэрныя ірландскія чаравікі.

Аднак, не толькі касцюм, але ўся яго знешнасць і манеры нагадвалі ў гэтым чалавеку ірландца.

Усякае сумненне адразу рассейвалася, як толькі таўсцяк пачынаў гаварыць. На такім жаргоне гавораць толькі ў Ірландыі, у графстве Гальвей. Гальвеец увесь час размаўляў, не гледзячы на тое, што быў як быццам адзін у халупе. Аднак, гэта было не так. Расцягнуўшыся на падсцілцы з конскай скуры перад тлеючым агнём і ўткнуўшыся носам у самы попел, ляжаў вялікі алені сабака[1]. Здавалася, што ён разумеў мову свайго субяседніка.

— Што, Тара, скарб мой, — усклікнуў чалавек у плісавых брыджах, — хочаш вярнуцца ў Балібалах? Нядрэнна было-б табе падкарміцца там крыху. А то, глядзі, у цябе-ж цяпер усе рэбры можна злічыць. Дружок ты мой, мне самому хочацца туды. Але хто ведае, калі гаспадар вернецца і возьме нас з сабою! Ну, ні-

  1. Сабака ірландскай пароды, з якім ходзяць паляваць на аленяў.