Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Аднак, ні дзіўны выгляд пад маскай попелу, ні прызнанне аб скромным занятку не маглі зменшыць чароўнасці незнаёмага ў вачах Луізы Пойндэкстэр.


Раздзел V

ЖЫЛЛЁ ПАЛЯЎНІЧАГА НА МУСТАНГАЎ

На беразе ракі Аламо, аднаго з прытокаў ракі Нуэсэс, стаяла скромнае, але маляўнічае жыллё, адно з тых, якімі багаты Техас.

Гэта была халупа, пабудаваная з расшчэпленых папалам ствалоў дрэвападобнай юкі[1], убітых стойма ў зямлю. Страха яе была наслана з штыкападобных лісцяў гэтай-жа расліны. Прамежкі паміж вертыкальнымі стойкамі, наперакор звычаю Техаса, не былі замазаны глінай. Сцены ўнутры халупы былі зацягнуты конскімі скурамі. Шыпы мексіканскага сталетніка замест цвікоў вытрымлівалі на сабе цяжар гэтых скур.

Абрывістыя берагі ракі былі багаты расліннасцю, якая паслужыла будаўнічым матэрыялам для халупы. Тут былі дзікія зараснікі юкі, сталетніка і іншых непладаносных раслін, але ўнізе ўрадлівая: даліна была пакрыта цудоўным лесам, дзе раслі тутавыя, арэхавыя дрэвы і дубы.

У масіў лесу каля берагу ракі ўразаліся даліны, пакрытыя сакавітай пашавай травою. У глыбіні адной з гэтых далін, уся акружаная ізумрудавай зеленню, стаяла апісаная намі незамыславатая халупа.

Цені дрэў хавалі халупу. Яе можна было бачыць толькі з боку ракі, і то толькі ў тым выпадку, калі станеш проста супроць яе. Прымітыўная прастата пабудовы і блеклыя таны рабілі яе яшчэ больш непрыкметнай.

Домік быў не большы за маркітанскую палатку. Дзверы — яго адзіная адтуліна, калі не лічыць коміна ад невялікага ачага, складзенага ля адной з сцен. Будова дзвярэй — своеасаблівая і простая: драўляная рама, абцягнутая конскай скурай, была навешана пры дапамозе петляў, зробленых з такой-жа скуры.

Ззаду халупы знаходзілася паветка, пакрытая юкавым лісцем і абгароджаная плотам з жэрдак, прывязаных да ствалоў суседніх дрэў.

Такі-ж плот быў пастаўлены вакол участка, каля акра велічынёю, што знаходзіўся паміж халупай і абрывам. Як відаць, гэта быў загон для дзікіх коней — мустангаў.

Сапраўды, у гэтай агарожы было каля дзесятка, а то і больш коней. Іх дзікія, спалоханыя вочы і парывістыя рухі не пакідалі сумнення, што яны толькі нядаўна злоўлены і што ім нялёгка зносіць няволю.

  1. Юка — належыць да сямейства лілейных; гэта гіганцкая лілія з дрэвавым ствалом.