Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Калі вы зараз-жа не зойдзеце ў карэту, вы загінеце.

На гэты раз Кольхаун паслухаўся. Пагрозы стыхіі былі занадта відавочныя. З паказной марудлівасцю ён спусціўся з сядла і ўлез у карэту пад ахову шчыльна зацягнутых фіранак.

Што адбылося далей, цяжка апісаць. Ніхто не бачыў відовішча разгуляўшайся стыхіі, бо ніхто не асмельваўся зірнуць на яго. Але калі-б хто-небудзь і асмеліўся, то ўсёроўна нічога-б не ўбачыў.

Праз пяць хвілін пасля таго, як ухуталі галовы мулаў, караван апынуўся ў непрагляднай цемры.

Падарожнікі бачылі толькі самы пачатак урагана. Адзін з насоўваючыхся смерчаў, натыкнуўшыся на фургон, нібы рассыпаўся і напоўніў паветра густым чорным пылам. Затым абдало гарачым паветрам, нібы з жэрла домны. Услед за гэтым, са свістам і выццём, падуў парывісты вецер, несучы страшэнны холад. Чуваць быў толькі свіст ветру, яго глухі рэў і грукатанне аб навесы фургонаў. Мулы стаялі зусім прыціхшыя. Слабыя галасы людзей губляліся сярод енкаў урагана. Паветра было ўсё насычана найдрабнейшым чорным пылам, узнятым бушуючым ветрам з выпаленай прэрыі.

Каля гадзіны насіліся ў паветры чорныя клубы попелу. Каля гадзіны сядзелі нашы падарожнікі, як затворнікі, не асмельваючыся нават выглянуць з карэты.

Нарэшце, яны былі вызвалены, — каля самых фіранак карэты пачуўся голас незнаёмага:

— Вы можаце выйсці, — сказаў ён, адкідваючы крэпавы шарф з свайго твара. — Бура яшчэ не спынілася; яна будзе прадаўжацца два-тры дні, але больш вам няма чаго баяцца. Попел увесь змецены. Ён ужо пранёсся ўперад, і наўрад ці дагоніце вы яго з гэтага боку Рыо-Грандэ.

— Сэр, — сказаў плантатар, паспешліва выходзячы з карэты, — мы вам абавязаны…

— Жыццём, — падхапіў Генры, закончыўшы думку бацькі. — Не адмоўце, калі ласка, назваць нам ваша імя.

— Морыс Джэральд, — адказаў незнаёмы. — Хоць у форце мяне больш ведаюць па імю Морыса-мустангера.

— Мустангер! — пагардліва прамармытаў Кольхаун, але настолькі ціха, што пачуць яго магла толькі Луіза.

«Усяго толькі мустангер»[1], — падумаў арыстакрат Пойндэкстэр, некалькі расчараваны гэтым прызнаннем.

— Цяпер я ўжо вам больш не патрэбен. Вы знойдзеце дарогу і без мяне, — сказаў паляўнічы на дзікіх коней. — Кіпарыс відаць — трымайце проста на яго. Перайшоўшы раку, вы ўбачыце флаг, што развяваецца над фортам. Вы яшчэ паспееце скончыць падарожжа да надыходу цемнаты. Я-ж вымушан пакінуць вас і развітацца.

  1. Мустангер — паляўнічы на дзікіх коней.