Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Коннік яшчэ раз азірнуўся назад і паглядзеў на рухомыя чорныя калоны, нібы вылічваючы іх хуткасць.

— Так, позна ужо! — усклікнуў ён. — Яны рухаюцца хутчэй за нас, значна хутчэй… Няма надзеі ўцячы ад іх.

— Божа мой, сэр! Няўжо-ж няма ніякага выйсця? — запытаўся плантатар.

Незнаёмы не адразу адказаў.

Некалькі імгненняў ён маўчаў і аб нечым напружана думаў.

Ён ужо больш не глядзеў на неба; позірк яго спыніўся на фургонах.

— Няўжо нельга ўнікнуць небяспекі? — закрычаў у роспачы плантатар.

— Не, можна, — радасна адказаў коннік, як быццам нейкая шчаслівая думка ўспала яму на розум. — Ёсць выйсце. Я аб гэтым раней не падумаў. Нам не ўдасца ўцячы ад буры, але ўнікнуць небяспекі мы можам. Хутка, містэр Пойндэкстэр! Дайце распараджэнне вашым людзям: ахутаць галовы коням і мулам, інакш жывёлы будуць аслеплены і пачнуць шалець. Коўдры, хусткі — усё прыгодна. Калі гэта будзе зроблена, няхай усе забіраюцца пад навесы фургонаў. Патрэбна толькі, каб фургоны былі шчыльна закрыты з усіх бакоў. Аб астатнім паклапачуся я.

Зрабіўшы гэтыя ўказанні, коннік накіраваўся да карэты, у той час як Пойндэкстэр з наглядчыкам давалі адпаведныя распараджэнні.

— Пані, — далікатна сказаў коннік, пад‘язджаючы да карэты, — вы павінны апусціць усе фіранкі. Ваш фурман павінен увайсці ў карэту. І вы таксама, — сказаў ён, звяртаючыся да Генры і Кольхауна і да толькі што пад‘ехаўшага Пойндэкстэра. — Месца ўсім хопіць. Толькі хутчэй, прашу вас! Не трацце часу. Праз некалькі секунд бура разгуляецца над намі.

Плантатар і яго сын хутка саскочылі з коней і ўвайшлі ў карэту.

Кольхаун адмовіўся злезці з каня і ўпарта прадаўжаў сядзець у сядле. Чаму ён павінен здавацца перад нейкай мнімай небяспекай, ад якой не хаваецца гэты чалавек у мексіканскім касцюме?

Незнаёмы не настайваў. Ён звярнуўся да наглядчыка і распарадзіўся, каб той таксама залез у фургон. Наглядчык адразу-ж падпарадкаваўся.

Цяпер можна было падумаць і пра сябе. Хуткім рухам незнаёмы разгарнуў сваё серапэ і накінуў яго на галаву каню, завязаўшы канцы вакол шыі. З няменшай спрытнасцю ён развязаў свой шарф з кітайскага крэпа і абцягнуў яго вакол капелюша, заткнуўшы адзін канец за істужку, а другі спусціўшы ўніз, — такім чынам ён зрабіў для свайго твара нешта накшталт забрала.

Перш чым закрыцца зусім, ён яшчэ раз павярнуўся да карэты і, на сваё здзіўленне, убачыў, што Кольхаун усё яшчэ сядзіць на кані. Перамогшы ў сабе мімавольную антыпатыю да гэтага чалавека, незнаёмы яшчэ раз настойліва паўтарыў: