Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Што гэта такое? — запытаўся плантатар, ахоплены страхам. — Нам пагражае небяспека?

— Так, я не чакаў гэтага, калі пакінуў вас. Толькі дасягнуўшы ракі, я ўбачыў грозныя адзнакі.

— Чаго, сэр?

— Норда.

— Вы так называеце буру?

— Так.

— Я ніколі не чуў, што смерч можа быць небяспечным на сухазем‘і, — заўважыў Кольхаун. — Я, вядома, ведаю, што ён нясе з сабою пранізваючы холад, але…

— Не толькі холад, сэр. Марудзіць нельга. Містэр Пойндэкстэр, — звярнуўся коннік да плантатара нецярпліва і настойліва, — вы і вашы людзі ў небяспецы. Норд не заўсёды бывае страшны, але гэты ўнушае мне вялікую трывогу. Вы бачыце гэтыя чорныя смерчы?

— Мы глядзім на іх і не можам зразумець, што гэта такое.

— Гэта прадвеснікі буры, але самі яны не прадстаўляюць небяспекі. Паглядзіце вунь туды. Хіба вы не бачыце чорнай хмары, якая закрывае неба? Вось чаго вам трэба баяцца. Я не хачу палохаць вас дарэмна, але павінен сказаць, што гэтыя хмары нясуць з сабою смерць. Яны ідуць сюды. Цяпер выратаванне толькі ў хуткасці дзеянняў. На працягу дзесяці хвілін яны насунуцца на вас, і тады… Хутчэй, сэр, прашу вас. Загадайце вашым пагоншчыкам гнаць як мага хутчэй. Само неба патрабуе гэтага ад вас.

Падпарадкуючыся гэтым настойлівым патрабаванням, плантатар загадаў гнаць абоз як мага хутчэй.

Жах, які апанаваў як жывёл, так і пагоншчыкаў, не патрабаваў умяшання бізуноў.

Карэта і коннікі па-ранейшаму ехалі наперадзе. Незнаёмы трымаўся ззаду, нібы ахоўваючы караван ад пагражаючай небяспекі.

Час ад часу ён прытрымліваў свайго каня, абарачваўся назад і кожны раз знаходзіў усё большую трывогу. Заўважыўшы гэта, плантатар пад‘ехаў да яго і запытаў:

— Небяспека яшчэ не мінавала?

— На жаль, я не магу вам сказаць нічога суцяшальнага. Я разлічваў, што вецер зменіць напрамак.

— Вецер? Я не заўважаю ніякага ветру.

— Не тут. А вунь там страшэнны ўраган. Божа мой, ён набліжаецца з неймавернай хуткасцю. Я сумняваюся, ці паспеем мы перасячы выпаленую прэрыю.

— Што-ж рабіць? — усклікнуў плантатар ў жудаснай паніцы.

— Ці няможна прымусіць вашых мулаў бегчы яшчэ хутчэй?

— Не, гэта немагчыма.

— У такім выпадку я баюся, што мы спознімся.