Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

да яго з гэтай просьбай, Генры зняў картку з кактуса і кінуў яе на калені Луізе.

— Морыс Джэральд, — прашаптала крэолка, убачыўшы на абаротным баку імя. — Морыс Джэральд, — паўтарыла яна ўсхвалявана, хаваючы картку на грудзях. — Хто-б ты ні быў, адкуль-бы ты ні прышоў, куды-б ні ляжаў твой шлях і кім-бы ты ні стаў, — з гэтага часу ў нас агульны лёс. Я ведаю гэта, я адчуваю гэта таксама ясна, як бачу неба над сабою.


Раздзел IV

ЧОРНЫ НОРД

Як зачараваная, сядзела Луіза пад уладай сваіх мар.

Аднак, яе мары хутка былі перапынены нейкай новай трывогай сярод акружаючых.

Яна пачула занепакоены голас брата:

— Паглядзі, бацька. Хіба ты іх не бачыш?

— Дзе, Генры, дзе?

— Там, ззаду фургонаў. Цяпер ты бачыш?

— Так, я штосьці бачу, але я не магу зразумець, што гэта такое. Яны выглядаюць, як… — Пойндэкстэр на хвіліну спыніўся ў замяшанні. — Я, дапраўды, не разумею, што гэта такое…

З паўночнага боку над прэрыяй раптам узнялося некалькі зусім чорных смерчаў. Яны не мелі пэўнай формы і бесперапынна мянялі размер, абрысы і месца; то спыняліся на хвіліну, то слізгалі па абвугленай зямлі, як веліканы на каньках, часамі згінаючыся і нахіляючыся адзін да другога ў самых фантастычных спалучэннях.

Нядзіва, што людзі, упершыню ўбачыўшы такую дзіўную з‘яву, былі вельмі ўстрывожаны. Але кожны разумеў, што насоўваецца нейкае стыхійнае няшчасце.

Абоз спыніўся. Чуліся выкрыкі жаху. Коні ірзалі, мулы напаўнялі паветра прарэзлівымі крыкамі.

А з боку чорных вежаў далятаў нейкі гул, падобны да шуму вадаспада, які час ад часу перарываўся трэскам нібы ружэйнага залпа або грукатам аддаленага грому.

Шум паступова рабіўся больш выразным. Невядомая небяспека набліжалася.

У гэтую хвіліну раптам пачуўся крык, і, не гледзячы на тое, што ў ім чулася трывога, ён усё-ж падбадзёрыў здрантвелых ад страху людзей. Аглянуўшыся, падарожнікі ўбачылі конніка, які імчаўся да іх што было сілы.

Не гледзячы на тое, што коннік быў пакрыты чорным пылам, яго пазналі. Гэта быў той самы незнаёмы, які пакінуў ім след свайго ласо.

Маладая дзяўчына ў карэце першая яго пазнала.

— Наперад! — усклікнуў незнаёмы, як толькі наблізіўся да каравана. — Як мага хутчэй!