Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Хі-хі-хі! засмяяўся сядзеўшы на козлах негр Джэху, які лічыўся ў кнігах плантацый пад празваннем Плутона Пойндэкстэра. — Маладая міс убачыць мяне ў сне сярод гэтай чорнай прэрыі. Вось дык дзіўны сон! Хі-хі-хі!

— Дарэмна ўзрадаваліся, — сказаў, набліжаючыся, Кольхаун. — Магчыма, нам і на самай справе прыдзецца яшчэ начаваць у гэтай чорнай прэрыі. Добра, калі не здарыцца яшчэ чаго-небудзь горшага.

— Што ты хочаш гэтым сказаць, Касій? — запытаў плантатар.

— Мне здаецца, што гэты хлапец нас ашукаў. Я не магу яшчэ гэтага сцвярджаць канчаткова, але справа выглядае дрэнна. Мы прайшлі ўжо больш пяці міль, а дзе-ж кіпарыс? У мяне добры зрок, але, як я не ўглядаўся ўдалячынь, я нідзе не выявіў ніякіх адзнак кіпарыса.

— Але навошта-ж яму ашукваць нас?

— Ну, вось яшчэ, навошта! Адкуль я ведаю? У яго для гэтага можа быць нямала прычын.

— Назаві нам хоць адну з іх, — пачуўся срабрысты голас з карэты, — мы з цікавасцю выслухаем цябе.

— Я ведаю, што ўсё, што датычыць гэтага суб‘екта, вы будзеце слухаць з асаблівай цікавасцю, — з насмешкай адказаў Кольхаун. — Але, калі я выкажу свае меркаванні, вы назавеце гэта фальшывай трывогай.

— Гэта будзе залежыць ад таго, што ты скажаш, Касій. Наўрад ці мы можам падумаць, што ты з тваім вопытам ваеннага і падарожніка пачаў-бы выклікаць фальшывую трывогу.

Кольхаун зразумеў злую насмешку і, напэўна, устрымаўся-б ад далейшых тлумачэнняў, калі-б гэтага не дамагаўся плантатар.

— Паслухай, Касій, растлумач-жа, у чым справа, — настойліва прасіў плантатар. — Тое, што ты нам сказаў, выклікае сур‘ёзныя падазрэнні. Якую мэту ставіў гэты малады незнаёмы, даючы нам няправільныя ўказанні?

— Ну, што-ж, дзядзя, — сказаў Кольхаун, і ў тоне яго не было ўжо ранейшай самаўпэўненасці, — я-ж не сцвярджаю, што гэта сапраўды так, я толькі выказваю сваё меркаванне.

— Што-ж іменна?

— Ну, ці мала што можа здарыцца? У гэтых прэрыях не рэдкасць усякія напады і грабежніцтвы караванаў…

— Якая жудасць! — з прытворнай трывогай усклікнула Луіза.

— Напады індзейцаў? — запытаў Пойндэкстэр.

— Не абавязкова індзейцаў. Іншы раз і белыя апранаюцца індзейцамі, а іншы раз і мексіканцы. Бо, каб палічылі за індзейца, патрэбна толькі смуглае адценне скуры, парык з конскага хваста і поўдзюжыны пер‘яў для галоўнага ўбора. Вось і ўвесь маскарад, Калі нас аграбіць банда «белых» індзейцаў, то мы павінны вінаваціць толькі саміх-жа сябе; мы будзем пакараны