Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

звязку з тым, што і мне трэба пераправіцца цераз раку ў тым-жа месцы, то вы можаце ехаць па слядах майго каня. Да пабачэння, панове.

Развітаўшыся так раптоўна, незнаёмы прышпорыў свайго каня і паехаў галопам.

Плантатар і яго спадарожнікі былі надзвычай азадачаны такімі дзіўнымі паводзінамі незнаёмага.

Але не прайшло і некалькі секунд, як коннік вярнуўся.

— Я баюся, што сляды майго каня мала дапамогуць вам. Тут былі мустангі. Яны пакінулі тысячы адбіткаў сваіх капытоў. Праўда, мой конь падкуты, але-ж вы не прывыклі адрозніваць сляды, і вам будзе цяжка разабрацца ў іх, тым больш што на сухім попеле ўсе конскія сляды амаль аднолькавыя.

— Што-ж нам рабіць? — запытаў плантатар з роспаччу ў голасе.

— Мне вельмі шкада, містэр Пойндэкстэр, але я не магу астацца, каб суправаджаць вас. Я тэрмінова павінен даставіць у форт адзін важны дакумент. Калі вы згубіце мой след, трымайцеся так, каб сонца ў вас аставалася справа, каб вашы цені падалі налева, пад вуглом каля пятнаццаці градусаў да лініі вашага руху. Міль пяць едзьце па прамым напрамку. Там вы ўбачыце вяршыню кіпарыса. Накіроўвайцеся тады проста да гэтага дрэва. Кіпарыс стаіць на самым беразе ракі, недалёка ад месца пераправы.

Малады коннік ужо гатоў быў зноў рушыць у дарогу, але штосьці прымусіла яго стрымаць свайго каня. Ён убачыў цёмныя, бліскучыя вочы, якія глядзелі на яго з-за фіранак карэты.

Уладарка іх была ў цені, але ўсё-ж ён заўважыў, што яны асвятлялі твар дзяўчыны незвычайнай прыгожасці. Малады коннік прачытаў у гэтых вачах, накіраваных проста на яго, прызнанне хвалюючай пяшчотнасці.

Мімавольна і ён адказаў позіркам захаплення, але тут-жа зрабіў нялоўкую спробу скрыць успыхнуўшае пачуццё. Ён баяўся, каб гэта не палічылі за дзёрзкасць, і, крута павярнуўшыся, зноў звярнуўся да плантатара, які горача дзякаваў яму.

— Я не заслугоўваю падзякі, — сказаў незнаёмы, — з прычыны таго, што мне прыходзіцца пакінуць вас на волю лёсу, але, на жаль, я не маю часу.

Ён паглядзеў на гадзіннік, шкадуючы, што яму прыдзецца ехаць аднаму.

— Вы вельмі добры, сэр, — сказаў Пойндэкстэр. — Я спадзяюся, што, слухаючыся вашых указанняў, мы не саб‘емся з дарогі. Сонца нас не ашукае.

— Баюся, каб хоць не змянілася надвор‘е. На поўначы збіраюцца хмары. На працягу гадзіны яны могуць засланіць сонца; ва ўсякім выпадку гэта адбудзецца да таго моманту, пакуль вы даедзеце да месца, адкуль відаць кіпарыс. Так нічога не