Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ён вінаваты, што караван астаўся без сапраўднага правадніка. Той, якога запрасілі ў Індыянолі, пакінуў іх, паспрачаўшыся з фанабэрыстым капітанам.

Караван зноў спыніўся. Белыя коннікі ажыўлена радзяцца. Становішча сур‘ёзнае.

Як знайсці дарогу? Сонца пачынае схіляцца да захаду, хоць усё яшчэ стаіць досыць высока. Пры дапамозе компаса можна было-б вызначыць, дзе знаходзяцца поўнач, поўдзень, усход і захад. Але што з гэтага карысці, калі яны не ведаюць, у які бок ехаць?!

Кольхаун зрабіўся асцярожным. Ён ужо больш не бярэцца быць важатым. Пасля няўдачы ў яго нехапае на гэта смеласці.

Дзесяць мінут абмяркоўваюць яны становішча, але ніхто не можа прапанаваць разумны план дзеянняў. Ніхто не ведае, як вырвацца з гэтай чорнай прэрыі, выклікаўшай ва ўсіх роспач.

Удалечыні паказалася стая чорных каршуноў. Вось яны ўжо зусім блізка. Некаторыя з іх апускаюцца на зямлю, іншыя кружаць над галовамі заблудзіўшыхся падарожнікаў.

Прайшло яшчэ дзесяць цяжкіх хвілін. І раптам — новы прыліў бадзёрасці. Удалечыні паказаўся коннік. Ён накіроўваўся проста да абозу.

Якая нечаканая радасць! Хто-б мог падумаць, што ў такім месцы можна сустрэцца з чалавекам? Зноў надзея засвяцілася ў вачах — у набліжаўшымся конніку падарожнікі бачылі свайго збавіцеля.

— Ды ён-жа накіроўваецца да нас, ці не праўда? — запытаўся плантатар, не верачы сваім вачам.

— Так, бацька, ён едзе проста да нас, — адказаў Генры, здымаючы з галавы капялюш і махаючы ім у паветры.

Але коннік і так ужо заўважыў абоз, які спыніўся. Ён ехаў галопам і хутка ўжо быў на адлегласці чалавечага голасу. Мінаваўшы абоз, ён пад‘ехаў да плантатара і яго падарожнікаў.

— Мексіканец, — прашаптаў Генры, зірнуўшы на вопратку конніка.

— Тым лепш, — таксама ціха адказаў яму бацька. — Тым больш надзеі, што ён зможа дапамагчы нам.

— Нічога мексіканскага ў ім няма, апрача яго касцюма, — прамармытаў Кольхаун. — Я зараз аб гэтым даведаюся. Beunos dias, caballero! Esta V. Mexicano? (Добры дзень, кавальеро! Вы мексіканец?) — вітаў ён незнаёмага па-іспанску.

— О, не, — адказаў той з пратэстуючай усмешкай. — Я зусім не мексіканец. Я магу з вамі гаварыць па-іспанску, калі хочаце, але мне здаецца, вы лепш зразумееце мяне па-англійску — гэта, напэўна, ваша родная мова?

Кольхаун падумаў, што, як відаць, дапусціў нейкую памылку ў сваёй фразе, і таму ўстрымаўся ад адказу.

— Так, сэр, мы амерыканцы! — адказаў Пойндэкстэр, некалькі пакрыўджаны за сваю нацыянальнасць. Затым, нібы баю-