Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Чорт пабяры! Баюся, што так. І які чорт мог-бы наогул знайсці дарогу сярод гэтага пекла? Не, не! — прадаўжаў Кольхаун, не жадаючы выдаць сваё замяшанне, убачыўшы, што карэта пад‘ехала блізка. — Мне цяпер усё ясна. Рака павінна быць вунь у тым напрамку. Наперад!

І капітан прышпорыў каня, як відаць сам не ведаючы, куды трэба ехаць. За ім рушылі фургоны.

Ад неграў не ўслізнула замяшанне Кольхауна. Яны бачылі, што абоз рухаецца не па прамым шляху, але кружыць паміж абпаленымі кустамі па ўзгорках і выпаленых далінах.

Але вось падбадзёрваючы выгук важатага адразу ўсяліў у іх надзею. У адказ пачулася моцнае лясканне дружна ўзняўшыхся бізуноў, змешанае з выгукамі радасці.

Падарожнікі зноў на дарозе, дзе відаць яшчэ зусім свежыя сляды колаў і капытоў. Нейкі абоз, як відаць, зусім нядаўна праехаў па выпаленай прэрыі.

Няма сумнення, што ён ішоў у напрамку да Леоны, — вельмі магчыма, што гэта ўрадавы абоз, які накіроўваўся да форта Індж. У такім выпадку трэба ехаць па яго слядах.

Форт якраз на лініі іх шляху, а адтуль недалёка і да месца прызначэння.

Нічога лепшага як быццам нельга было і чакаць. Капітан зноў узрадаваўся і з пачуццём адкрытага самазадавалення даў распараджэнне рушыць уперад.

На працягу мілі, а магчыма і больш, караван ідзе па знойдзеных слядах. Яны вядуць не проста, а кружаць вакол абгарэўшых хмызнякоў. Выгляд самаздаволенай упэўненасці паступова змяняецца ў Касія Кольхауна выражэннем панурага смутку. Ён зразумеў, што сляды сарака чатырох колаў, па якіх яны ехалі, былі слядамі іх уласнага абозу.


Раздзел II

СЛЕД ЛАСО

Не аставалася сумнення, што фургоны Вудлі Пойндэкстэра ішлі па слядах сваіх-жа колаў.

— Нашы сляды, — прамармытаў Кольхаун, пасылаючы праклёны.

— Нашы сляды? Што ты гэтым хочаш сказаць, Касій? Не можа быць, каб гэта мы тут ехалі.

— Так, гэта праўда. Мы зрабілі поўны круг. Глядзіце, вось задні капыт майго каня — адбітак паловы падковы, а вось сляды нашых неграў. Апрача таго, я пазнаў і месца. Гэта той самы ўзгорак, з якога мы спускаліся пасля нашага апошняга прыпынку. Вось ужо чорт ведае як не пашанцавада — мы дарэмна зрабілі каля двух міль.

Цяпер на твары Кольхауна адлюстроўваецца не адно толькі пачуццё збянтэжанасці — горкі сум і сорам з‘явіліся на ім. Гэта