Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— У чым справа, дзядзя Вудлі? Вядома, мы павінны прадаўжаць наш шлях. Рака павінна быць з таго боку пажарышча. Калі нам не ўдасца знайсці пераправу на адлегласці поўмілі[1], мы падымемся ўверх па цячэнню або спусцімся ўніз, гледзячы па акалічнасцях.

— Але паслухай, Касій, гэтак-жа мы можам згубіць дарогу!

— Гэтага не можа быць. Мне здаецца, што абгарэўшае месца невялікае. Не бяда, калі мы крыху саб‘ёмся з дарогі: усёроўна, рана ці позна мы на яе трапім.

— Добра, мой дружа, ты лепш ведаеш, я буду ісці за табою.

— Не бойцеся, дзядзя. Мне прыходзілася пракладаць дарогу і ў горшых умовах. Паганяй, негры! За мной!

І адстаўны афіцэр кінуў самаздаволены позірк у бок карэты. З-за фіранкі выглянуў цудоўны тварык, злёгку засмучаны трывогай. Кольхаун прышпорыў каня і самаўпэўнена паехаў наперад.

І вось хору зноў зашчоўкаўшых бізуноў пачаў уторыць тупат капытоў васьмідзесяці мулаў, змешаны са скрыпам колаў. Фургоны зноў рушылі ў дарогу.

Мулы пайшлі з вялікай паспешлівасцю. Чорная паверхня, непрывычная для вока жывёл, палохала іх, — ледзь паспявалі яны дакрануцца да попелу, як адразу-ж падымалі капыты. Мала-памалу жывёла супакоілася і пачала прасоўвацца больш роўнамерным крокам.

Так караван прайшоў каля мілі. Затым зноў спыніўся.

Ландшафт, калі яго толькі можна так назваць, змяніўся, але не к лепшаму. Усё было па-ранейшаму чорна да самага гарызонта. Аднак, тут раўніна змянілася няроўным рэльефам — горныя ўзвышшы, невялікія ўзгоркі раздзяляліся далінамі. Нельга сказаць, каб тут зусім не было дрэвавай расліннасці, хоць тое, што было відаць, наўрад ці можна было назваць дрэвамі. Па адной і групамі раслі тут нізкарослыя мексіканскія акацыі. Іх ажурнае лісце знікла бясследна, а абвугленыя ствалы і пачарнелыя галіны стаялі, як панурыя шкілеты.

— Ты згубіў дарогу, мой дружа? — запытаў плантатар, паспешліва пад‘язджаючы да пляменніка.

— Не, дзядзя, я ведаю дарогу. Я спыніўся, каб лепш арыентавацца. Дарога павінна ляжаць унізе, вось у гэтай даліне. Мы едзем правільна. Няхай караван прадаўжае шлях. Адказнасць я бяру на сябе.

Рушылі яшчэ раз. Спусціліся ўніз па схілу, затым накіраваліся ўздоўж даліны, затым зноў узабраліся па адкосу другой узвышанасці і наверсе зноў спыніліся.

— Ты ўсё-ж згубіў дарогу, Касій? — паўтарыў сваё пытанне плантатар, зноў пад‘язджаючы да пляменніка.

  1. Міля (англ.) — 1.852 м.