Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ці не індзейцы? Аб іх распаўсюджваецца так многа жахлівых чутак.

— Што здарылася, Сансом? — запытаў плантатар, калі коннік наблізіўся.

— Трава выпалена. У прэрыі быў пажар.

— Быў пажар, але цяпер-жа прэрыя не гарыць? Я нідзе не бачу дыму.

— Не, сэр, — паспяшаўся адказаць наглядчык, — я толькі сказаў, што прэрыя гарэла, і ўся яна зрабілася чорнай.

— Ну і што-ж? Мне здаецца, мы таксама спакойна можам падарожнічаць па чорнай прэрыі, як і па зялёнай.

— Што за недарэчнасць, Джон Сансом, падымаць цэлую гісторыю з-за глупства, — умяшаўся пляменнік Пойндэкстэра. — Навошта ты дарэмна палохаеш людзей? Гэй вы, негры, варушыцеся! Наперад! Пайшлі!

— Але скажыце, капітан Кольхаун, — запярэчыў наглядчык, — як-жа мы цяпер знойдзем дарогу?

— Навошта шукаць дарогу? Што за глупства! Мы-ж яе не гублялі?

— На жаль, гэта не так. Дарога згублена. Слядоў колаў ужо не відаць, яны згарэлі разам з травой.

— Ну і што-ж? Мне здаецца, мы можам перайсці цераз выпалены ўчастак і без усякіх слядоў. Мы знойдзем іх, калі трапім на той бок.

— Так, — з гораччу адказаў наглядчык, які добра ведаў прэрыю, — калі толькі там астаўся другі бок. Я, па крайняй меры, ніяк не мог яго знайсці.

— Паганяй, негры! Паганяй! — закрычаў Кольхаун, не адказваючы больш наглядчыку, і, прышпорыўшы каня, рушыў уперад.

Абоз зноў рушыў у дарогу, але, падышоўшы да граніцы выпаленай прэрыі, спыніўся яшчэ раз, ужо не чакаючы нічыіх распараджэнняў.

Коннікі ад‘ехалі ўбок, каб абмеркаваць, што рабіць далей. Наперадзе, наколькі хапала толькі зроку, прасціралася неабсяжная прастора зусім чорнай, выпаленай прэрыі. На ёй не асталося ніводнай зялёнай былінкі, ніводнага зялёнага лісціка. Уперадзе, направа, налева, адыходзячы ў бясконцую далячынь, разгарнулася карціна бязмежнага суму. Нават яркі, блакітны купал паўднёвага неба здаваўся тут зусім цёмным. Сонца не заслонена воблакамі, але яно як быццам не хоча тут свяціць і хмурыцца, гледзячы на змрочную зямлю.

Пажар, як відаць, адбыўся ў часе летняй спякоты, у перыяд даспявання траў.

Сансом правільна сказаў, што ў прэрыі не асталося і слядоў якога-небудзь шляху — яны выпалены разам з травою.

— Што-ж нам рабіць? — запытаў плантатар голасам, у якім гучэла разгубленасць.