Старонка:Клімковіч Дунін2.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Камедыя «Залëты» менш дасканалая, чым «Пінская шляхта». Не кожнай асобе надаў пісьменнік тую характэрную, жывую і яркую мову, якой валодаюць персанажы «Пінскай шляхты», не так моцна знітована інтрыга, як гэта зроблена у «Пінскай шляхце». Але ў «Залётах» пададзен вобраз, які сведчыць аб вялікай назіральнасці пісьменніка, аб здольнасці вылучыць галоўнае ў акаляючым яго грамадстве, улавіць самае тыповае ў ходзе падзей. Гэта вобраз Сабковіча, своеасаблівая помесь мальераўскага «мешчаніна ў дваранстве» са з'явіўшыміся пазней у рускай літаратуры Калупаевымі і Разуваевымі. Цынічна-наглы эксплуататар, які сабраў сваё багацце з ашуканства акаляючых сялян і рамеснікаў - Сабковіч верыць ва ўсемагутнасць рубля. Грошы яму - замена розуму, адукацыі, паходжання. Яны - залаты ключ, які адчыніць дзверы ў лепшыя дамы самай тытулаванай шляхты. Шляхта гіне ад няўмення гаспадарыць, і на яе месца прыдзе ён - Сабковіч, які ўмее рабаваць і красці, не грэбуючы капейкамі і не прапускаючы міма рук вялікага куша. Праўда, яго пасцігае няўдача: мужыцкая неацëсанасць і выпадак не даў яму магчымасці парадніцца з суддзём, а ключ-войт патрабуе яго на расправу да станавога прыстава за ўкрадзеную кабылу і садраныя з сялян кажухі. Але ён - сіла, аднолькава грозная і для феадалаў і для феадальнай вёскі. Ён-прадстаўнік драпежніцкага капіталізма, які прышоў разбурыць і з'есці дакапіталістычны лад. Стварыць такі вобраз у часы, калі жыў Дунін-Марцынкевіч, прызнак вялікага таленту, назіральнасці і здольнасці разумець і абагульняць з'явы жыцця. Нездарма драматургія Дуніна-Марцынкевіча на працягу ста год мела плённы ўплыў на творчасць у беларускіх драматургаў. Водгукі яе мы знойдзем у Каруся Каганца, у «модным шляхцюку», у купалаўскай «Паўлінцы» і «Прымаках», у больш позніх творах маладых беларускіх пісьменнікаў. А класічны твор яго «Пінская шляхта» і да гэтага часу не сыходзіць са сцэны беларускіх тэатраў.

Літаратурны партрэт Дуніна-Марцынкевіча быў-бы няпоўным, каб мы не сказалі аб яго адносінах да народнай творчасці. Ён паклаў пачатак добрай традыцыі сучаснай беларускай літаратуры - поўнай жменяй чэрпаць нессякаючыя перлы народнае творчасці. Ён добра ведаў і любіў народныя сказы, народныя песні, ён скарыстоўваў іх сюжэты, часта прыводзіў іх у сваіх паэмах і апавяданнях, прапануючы чытачу палюбавацца іх прыгожай мілагучнасцю, іх глыбокім зместам, іх задушэўнай лірыкай. Ён добра ведаў і любіў мову народа, яго пагаворкі і прыказкі. Ён імкнуўся, захоўваючы прастату, мілагучнасць і глыбокую вобразнасць гэтай мовы, зрабіць яе літаратурнай. Гэтым ён і церабіў шлях для наступных пакаленняў пісьменнікаў, і ў гэтым яго вялікая заслуга.