Старонка:Клімковіч Дунін2.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

так яна - шляхта склалася гістарычна, і спрэчкі паміж новым і старым пакаленнем гэтай шляхты і, самае галоўнае, тыпізаванага прадстаўніка царскай улады, які безраздзельна гаспадарыў ад імені «найяснейшай кароны» у краіне праставатай, чудакаватай нават, шляхты. Пратасавіцкі і Цюхцяй-Ліпскі (заўважце, падвойнае, «чыста» дваранскае прозвішча), для якіх нават Куторга з'яўляецца панам не толькі па агульнапрынятых правілах ветлівасці, але па тым, што ён на некалькі крокаў бліжэй да чыстакроунай польскай шляхты, пасварыліся (і як пасварыліся!) толькі за тое, што адзін другога абазваў мужыком. Камізм гэтага становішча ў тым, што яны сапраўдныя мужыкі, якія і гонар свой абараняюць па-мужыцку - кулакамі, - пасварыліся за дваранства. А колькі гістарычнага падтэксту ў гэтым дробязным факце! Колькі жывых людзей на Беларусі ў глухіх яе засценках і хутарах парашыліся гаспадарак, каб давесці, што яны дваране, і атрымаць паперку, якая адрознівала-б іх прававое становішча ад селяніна, хаця-б тым, што яго, шляхціца, не мелі права секчы лозамі, папярэдне не падаслаўшы «дывана». Які прастор быў для хабара, крутні і валакіты для Кручковых і Пісулькіных! Як мала трэба юрыдычных ведаў, каб судзіць і абіраць гэтых праставатых людзей і з якім «вучоным» выглядам сапраўднага юрыста, як лоўка і беззлобна робіць гэта прайдзісвет Кручкоў, захоўваючы самыя сяброўскія адносіны з шляхтай, якую ён грабіць і нават больш таго, пакідаючы ўражанне іх дабрадзея і прыяцеля! Падставіць гэтай шляхце люстэрка, каб яна зразумела Гогалеўскую фразу: «3 каго смеяцеся? - з сябе саміх смеяцеся!» - вось гэта ставіў сабе задачай Дунін-Марцынкевіч, ствараючы сваю вясёлую камедыю. І не толькі падставіць люстэрка «пінскай» шляхце, а паказаць усім, хто здолен быў крытычна аднесціся да той вернай карціны, якую намаляваў пісьменнік, недарэчнасць і такога парадку, і такой улады. Пісьменнік паставіў «Пінскую шляхту» у Лютынцы, але яму хацелася давесці яе да шырокіх колаў.

У гэтым яму перашкодзіла цэнзура. «На маю думку, - піcaў Віленскі генерал-губернатар начальніку ўпраўлення па справах друку, - падобны твор, у коім у непрыглядным выглядзе выстаўляецца асоба станавога прыстава, які да гэтага усюды называецца «найяснейшая карона», наўрад ці зручна змяшчаць у якім-небудзь выданні, а ў асаблівасці ў такім, як календар, які прызначаецца для распаўсюджвання сярод мясцовага насельніцтва».

Як бачыце, генерал-губернатар па-свойму правільна ацаніў палітычнае значэнне, здавалася-б, такой бяскрыўднай, вясёлай камедыі, таксама, як правільна па сваему разумеў яе значэнне і Дунін-Марцынкевіч, мяркуючы змясціць яе у календары.