Старонка:Клімковіч Дунін2.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Дунін-Марцынкевіч належыць да ліку тых пісьменнікаў, усё значэнне якіх патомства здольна было ацаніць толькі пасля іх смерці.

Чым далей мы адыходзімся ад часу жыцця пісьменніка, тым ясней робіцца, якую вялікую справу тварыў ён для свайго народа, колькі трэба было любві да народа і колькі грамадзянскай мужнасці, каб у змрочныя часы царызма не скласці сваёй зброі, тварыць і распаўсюджваць, не гледзячы на ўсе забароны, тое, што вынасіла благароднае сэрца пісьменніка-грамадзяніна.

Скромнасць і працавітасць - характэрныя рысы нацыянальнага характару беларуса. Гэта заўважаюць усе, хто знаёміцца ўпершыню з нашым народам. Можа гэтая скромнасць перашкодзіла аўтару «Тараса на Парнасе» пакінуць сваё імя ў гісторыі, хаця паэма зрабіла-б чэсць любому тагочаснаму паэту. Можа гэта скромнасць перашкаджае і нам ацаніць усю веліч культурных каштоўнасцей, якія стварыў наш народ і яго лепшыя прадстаўнікі, цесна звязаныя вытокамі сваёй творчасці з глыбінямі творчасці народнай. Але ў гэтым выпадку скромнасць губляе сваю станоўчую якасць і робіцца адмоўнай. Трэба ўлічваць гэта, калі мы ацэньваем творчасць нашых дарэволюцыйных пісьменнікаў.