Старонка:Клімковіч Дунін2.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

шляхі, каб давесці да чытача і гледача свае творы. Мураўёў вешацель, у якасці рэпрэсіі на паўстанне Кастуся Каліноўскага, забараніў усякія выданні на беларускай мове, забараніў пастаноўкі беларускіх п'ес. Пераклад «Пана Тадэуша», які зрабіў Дунін-Марцынкевіч, быў захоплен у Віленскай друкарні і канфінскован. Цэнзару Кукальніку, які даў дазвол на друкаванне, быў зроблен наганяй. Мінскія тэатральныя трупы былі разагнаны. К чэсці Дуніна-Марцынкевіча ён і пасля гэтага не апусціў рук. Ён напісаў і паставіў у сябе ў фальварку - артыстамі і гледачамі былі яго добрыя знаёмыя і акаляючыя сяляне - дзве п'есы: «Пінская шляхта» (1866 г.) і «Залёты (1870 г.), якія і стварылі славу пісьменніка.

Звычайна нашы крытыкі кваліфіцыруюць Дуніна-Марцынкевіча як прадстаўніка беларускага сантыменталізма, пералічваючы прызнакі гэтага напрамку: культ пачуцця, культ прыроды, ідэалізацыя блізкага да прыроды патрыярхальнага быту, пропаведзь гуманных адносін да чалавека, паэтызацыя працы і маральнай чыстаты. Само сабой зразумела, што ўсё гэта і ёсць у ранняй творчасці Дуніна-Марцынкевіча, у яго «Сялянцы», у «Гапоне», у «Вечарніцах», у «Шчароўскіх дажынках», у «Купаллі».

Аднак, калі не заўважыць той рэалістычнай плыні, якая прабіваецца ў кожным гэтым творы, - рэалізм, з якім напісана «Пінская шляхта» і «Залëты», стане зусім немагчымым для высвятлення і растлумачэння. Справа відавочна ў тым, што сантыменталізм у беларускай літаратуры развіваўся значна пазней, чым рускай літаратуры, і не мог захаваць у ёй сваю маналітнасць: ён адступаў пад напорам іншых літаратурных напрамкаў. Гэты ўплыў адбіваўся і ў творчасці Дуніна-Марцынкевіча, даючы яму магчымасць зусім рэальна адлюстроўваць асобныя бакі сучаснай яму рэчаіснасці, а пад канец сваёй творчасці і зусім перайсці на яго пазіцыі.

«Пінская шляхта» - рэалістычны твор, які па значэнню для Беларусі можна паставіць на адзін узровень з «Рэвізорам» Гогаля, перш-на-перш таму, што як немагчыма без вывучэння гэтага класічнага твора рускай літаратуры ўявіць сабе данікалаеўскую і нікалаеўскую эпоху ў рускім грамадстве, так нельга ўявіць сабе парадкі на Беларусі перад паўстаннем 1863 года без «Пінскай шляхты». Тут з гранічнай акрэсленасцю і выпукленасцю паказаны тыповыя для глухога кутка людзі ў тыповых абставінах таго часу.

І так, як Гогаль, узяўшы горад, ад якога не толькі да мяжы. але і да губернскага цэнтра за сем год не даскачаш, здолеў паказаць у ім, як у люстэрку, усю нікалаеўскую Расію, так і Дунін-Марцынкевіч у пінскім засценку змог паказаць: і нравы беларускай шляхты, дваран па назве, мужыкоў - па сутнасці,