Старонка:Клімковіч Дунін2.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

...Трэба ў лес уцякаць,
А не - усе сабяромся,
Хто з калом, хто з абухом
І ні за нішто не дадзёмся...»

здачы у салдаты. І Гапон не толькі кажа так, але і на справе адбіваецца калом, калі эканом прыходзіць у карчму, каб забраць яго ў рэкруты:

«А Гапон хваціў за кол.
Дый спіною стаўшы ў куце,
Як мятлой усіх мяце.
Вот калі пакурцяў туча
Гурмам мядзьведзя асадзіць,
А ён са злосці мармоча,
Як каторага пагладзіць,
Той з болю яўкне, той брэша,
Так Гапон наш колам чэша».

Прайсці міма такой «прапаганды пакорлівасці прыгону» можна толькі ў тым выпадку, калі падыходзіць да творчасці пісьменніка з наперад узятым меркаваннем, як гэта і рабілі вульгарызатары, зачараваныя, нібы позіркам удава трусік, дваранскім тытулам Дуніна-Марцынкевіча ў падручніку літаратуры. Ім і ў галаву не прыходзіла, што такіх беззямельных дваран, як Дунін-Марцынкевіч, у Беларусі было хоць гаць гаці і што іх інтарэсы ніколі не супадалі з інтарэсамі магнатаў-прыгоннікаў. Яны не маглі зразумець і таго, што падаючы вобраз паноў такімі, якімі «у ідэале» хацеў-бы бачыць іх пісьменнік, раючы панам шлях самаўдасканалення ў бок гуманных адносін да селяніна - Дунін-Марцынкевіч меў на мэце толькі адно - дабіцца лепшай долі для народа, на мове якога, вобразамі з жыцця якога і для якога ён з такімі цяжкасцямі ствараў беларускую літаратуру і культуру.

І зусім не выпадкова кіраўнік сялянскага паўстання на Беларусі ў 1863 годзе - Кастусь Каліноўскі, арганізатарскімі здольнасцямі і ўзвышанымі ідэаламі якога захапляліся ў сваіх мемуарах нават саратнікі Мураўёва, - пайшоў па таму-ж шляху, па якому ішоў «мірны» Дунін-Марцынкевіч: ён стаў выдаваць першую беларускую газету «Мужыцкая праўда» (з улікам вопыта Герцэна - першую непадцэнзурную газету, скажам дарэчы).

Мы не выпадкова ўпамінаем Кастуся Каліноўскага. Паўстанне 1863 года адбілася на лёсе Дуніна-Марцынкевіча. Ён быў арыштаваны ў гэтым годзе і яму было прад'яўлена абвінавачанне, што ён, як адзіны вядомы ўраду беларускі пісьменнік, з'яўляецца аўтарам беларускіх анты-царскіх пракламацый і выдаўцом газеты «Мужыцкая праўда». Следства вялося 9 месяцаў, але даказаць віноўнасць Дуніна-Марцынкевіча не змаглі і ён быў выпушчан з турмы. Аднак у сувязі з гэтым арыштам ён падпаў пад такое падазрэнне паліцыі, што яму былі закрыты ўсе