Старонка:Клімковіч Дунін2.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

практычна праводзілі волю прыгонніка-пана: эканома, nіcapa, шляхціча, доктара воінскага «прысутствия», а пазней - у «Пінскай шляхце»-«найяснейшай кароны» станавога прыстава Кручкова. Вульгарныя соцыёлагі не маглі адказаць, чаму ў Дуніна-Марцынкевіча так востра паказаны прыгонны лад. Прывядзем хоць такія радкі з паэмы Гапон (1855 год):

«Рыжы вусы эканома
Шчэццю уверх паднялісь.
Зірнуў скоса на Гапона,
Вочы кроўю залілісь.
Губы страшна пакрывіў,
Кнут у жмені аж трашчыць,
Як к Гапону падступіў,
Так і узяў яго сушыць».

Крытыкаў гэтага тыпу збівала з тропу тое, што паны ў творах Дуніна-Марцынкевіча паказаны, як добрыя бацькі сваіх сялян, што пісьменнік у сваіх прадмовах націскае на неабходнасць «у імя агульнай карысці» арыентаваць паноў на чалавечыя адносіны да сваіх прыгонных. Яны не заўважалі, у імя чаго робіць гэта пісьменнік, чыю карысць ён мае на мэце. Дунін-Марцынкевіч добра ведаў, што паны і без яго пропаведзі жывуць добра, што ў іх руках сіла і ўлада над селянінам. Не аб панскім дабрабыце клапоціцца пісьменнік, калі паказвае пакуты сялянкі Кацярыны, жаніха якой Гапона здаў у салдаты эканом, дамагаючыся, каб яна аддала яму сваю дзявочую чэсць. Не аб панскім дабрабыце клапоціцца пісьменнік, расказваючы аб перамозе сіраты-бяднячкі над гаспадарскай дачкой у «Шчаўроўскіх дажынках», і добрай Касі над злой дачкой бабы ў «Купалле». Не аб панскім дабрабыце клапоціцца ён, паказваючы ліха, якое твораць падпанкі. Трэба зусім мала здагадкі, каб любы яго чытач зразумеў, што крыўды, якія чыняць падпанкі, ідуць не ад аднаго іх злога сэрца. Шчырае жаданне дапамагчы народу ў яго цяжкай долі гуманнае сэрца пісьменніка падсказвала яму думку прапагандаваць літасць да меншага «брата», будзіць пашану да яго чалавечай годнасці. Не віна, а бяда пісьменніка, што ён лічыў гэты шлях самым зручным, самым кароткім для дасягнення сваёй благароднай мэты. Пісьменнік апяваў чыстую душу народа, яго чэснасць, прамату, любоў да працы, яго жыццёрадаснасць, узнімаў пачуццё ўласнай чалавечай годнасці, з вялікай прыхільнасцю апісваў яго барацьбу супроць несправядлівасцей, якія меў у сваёй аснове прыгонны лад. Гапон - асноўны герой аповесці пад гэтай назвай - на аплявуху эканома хапаецца за таўкач:

«Сцеражыся ты, сабака!
Помні, што і мы з зубамі!»

І нездарма эканом дакладвае пану:

«Ён усіх хлапцоў сазваў
Ды й так вось ім расказаў: