Старонка:Клімковіч Дунін2.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

быў тэатр, не дасць яму, дробнаму служачаму без уласных сродкаў, гаспадару маленькага маёнтка, купленага на жончын пасаг[1], давесці праз тэатр свае творчыя замыслы, свае грамадска-палітычныя ідэі да таго, для каго ён іх вынашваў у душы, для каго ён іх пісаў - да шырокіх народных мас.

Пасля пастаноўкі «Сялянкі» (напісанай у 1846-м годзе) Дунін-Марцынкевіч піша і выдае рад паэм і вершаваных апавяданняў, таму што кніга, па яго думцы, хутчэй дойдзе да масы, абхопіць большае кола яе, чым тэатр. Само сабой зразумела, што арыентыравацца ён хацеў на пісьменнага чалавека, на беларуса, які валодае граматай. Ён думаў, што такі чалавек, калі ён селянін ці вясковы інтэлігент, сабраўшы «ў святочны дзень» сваіх аднавяскоўцаў, прачытае ім яго творы, данясе да іх не толькі змест, даступны ім дзякуючы простай, мужыцкай мове, але і затоеныя думы аўтара, а калі ён пан, схільны чытаць на гэтай-жа сялянскай мове, дык ён зразумее тыя высокія матывы, якія кіравалі аўтарам, калі ён пісаў свае творы і стане выканаўцам яго планаў, яго ідэй.

Ідэя-ж у Дуніна-Марцынкевіча была адна - сілаю мастацкага слова садзейнічаць пераўтварэнню існуючага грамадскага ладу на карысць селяніна, дабіцца палепшання яго цяжкай долі, якую ён добра вывучыў і ў свае дзіцячыя гады, жывучы ў фальварку Панюшкавічы, дзе бацька яго быў арандатарам, і ў гады студэнцтва, калі ён на канікулы прыязджаў з Пецербургскага універсітэта да бацькі, і жывучы ў сваім фальварку Люцынка, недалёка ад Мінска. Вульгарныя соцыёлагі ў свой час залічылі Дуніна-Марцынкевіча ў дваранскія пісьменнікі і абвінавацілі яго ў тым, што ён «у перыяд распаду прыгоннай гаспадаркі стаяў за захаванне прыгоннага ладу» і звялі яго ролю да ролі ўгодлівага паслугача прыгонніцтва, які сваімі творамі хацеў усыпіць селяніна, каб ён пакорна нëс панскае ярмо. Так, падтасоўваючы карты, вульгарныя соцыёлагі праходзілі міма і біяграфіі пісьменніка, і таго, які водгук у прыгоннікаў, і ў найбольшага з іх, іх уладара і арганізатара, у царскага ўрада Расіі, выклікала яго творчасць. Яны ніяк не маглі звязаць канцы з канцамі, не маглі адказаць, чаму Дунін-Марцынкевіч, гэты па іхняму прыхільнік «прыгонніцтва», асноўнымі героямі ўсіх сваіх твораў браў селяніна, сялянскую дзяўчыну, паказваў іх маральную чыстату і ўзвышанасць, будзіў да іх павагу і пашану, упарта даводзіў, што яны - людзі і што іх пачуцці глыбей і вышэй, чым пачуцці і ўчынкі тых, якія

  1. Першая жонка Марцынкевіча Юзэфа была дачкой уласніка нейкага бюро ў Вільні Бараноўскага, у якога ён служыў сакратаром. Маладыя людзі злюбіліся і пажаніліся, не гледзячы на забарону бацькі ў 1831 годзе. Памерла яна ў 1857 годзе. Другая жонка - Алеся Грушэўская была з двара Хацюхова, Халопеніцкай воласці, Барысаўскага павету. Пазнаёміўся ён з ёю, будучы ў гасцях у свайго прыяцеля ў двары Шчаўры (адсюль «Шчаўроўскія дажынкі»).