Старонка:Кляновыя завеі (1927).pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

НА ЗАРЫ

На зары іскрыцца сьнег сыпучы
І мароз пушысьцей на зары…
Калі пройдзены абрывістыя кручы
Перайдзём драмучыя бары.

На зары і радасьць пунсавее,
І мінорней скрыпак пераліў…
Запрагае ў казачныя шлеі
Маладое сонечныя дні…

Перайдзём застыўшыя даліны,
Перастанем верыць міражам;
Будзем знаць сапраўдныя пуціны
К дарагім далёкім маякам.

Застанецца той за рубяжамі
Хто ў глухіх асьнежаных палёх
Вечна жыў сьляпымі міражамі
І блудзіў заўсёды без дарог.