Старонка:Кляновыя завеі (1927).pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ў гэту ноч на чужой старане
Плачуць ветры цяпер па пакойнаму,
Плачуць ветры цяпер аба мне.

Эх ты родная,
Родная блізкая,
Ты ня можаш ўсяго зразумець…
За тынянымі дзесьці кулісамі
Ёсьць і шчырасьць, і людзі і сьвет.

Нашы дні пераліўныя хвалі;
Ў парусах нашых сьвішчуць вятры,
Ўсе плывём мы ў бязьмежныя далі
Каб жыцьцю дарагое дарыць.

А ў жыцьці яшчэ круціць мяцеліца,
А ў жыцьці яшчэ многа сьнягоў;
Па-за нашай ваколіцай сьцеліцца
Шматгадовая тлень туманоў.

Але што маладому — кіпучаму
Гэты холад апошніх завей;
Хай галосяць марозы траскучыя
Ад марозу зара пунсавей.

Па-над нашай сталёваю пушчаю
Сьцелюць зоры цяпер агняцьвет,
Па-за намі ваўчыныя гульбішчы
Зараз граюць галодны концэрт.

Дарагая,
Далёкая — блізкая,
Ты ня можаш ўсяго зразумець
За тынянымі дзесьці кулісамі
Ёсьць і шчырасьць і людзі і сьвет.

|}