Старонка:Кляновыя завеі (1927).pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

∗     ∗

На небе сыпліцца сярэбраны гарох, —
Ў завулках ціш. —
Ў завулках ціш нямая…
О колькі жвірастых няведамых дарог
Нас прывялі ў сягоньня дарагая,
Пад гэту сінь, дзе сыпліцца гарох.

Ня скажуць зор срабрыстыя завеі,
Ня скажа ліпаў выцьвіўшая медзь
Пра тое — што калісьці адзьвінела
Што будзе ў шэрані над сьцежкамі зьвінець
І сыпаць зор срабрыстыя завеі.

Ня выпіць змрок кілішкамі зарніц,
І не сагрэць застыўшыя даліны…
Само жыцьцё нас ў далечы умчыць,
Само жыцьцё пакажа пуцявіны
І вып‘е змрок кілішкамі зарніц.