Старонка:Кляновыя завеі (1927).pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

∗     ∗

Хто зварушыў нямеючыя хвалі
Па за плятнямі пройдзеных шляхоў, —
Хто высек песьнямі сталёвыя скрыжалі
На шэрай стыні жвірыстых гадоў?!..

Ў жыцьцёвай цемені хто зорнымі страфамі
Закаласіў так стынучую тлень;
Сьлязамі бацькаўшчыны,
Горкімі сьлязамі,
Хто перасыпаў золата поэм?!..

Хто пад шляхамі, ў сонечнае раньне
(Дзе шапаціць бярозавы абрус)
Аддаў душу за вечнае змаганьне,
Расьпяў душу за маці — Беларусь?!.

Хто пад вякамі кладкі перакінуў
І сонцакрылыя паставіў маякі, —
Таму пляце, —
Пляце яго краіна
З пялёстак шчырасьці ружовыя вянкі.