Перайсці да зместу

Старонка:Кастусь Каліноўскі (1945).pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Увосень 1862 года Каліноўскі едзе ў родную вёску Якушаўку. Але паліцыя даведалася пра яго прыезд, і ён вымушан быў, ратуючыся ад арышту, на другі-ж дзень пасля з'яўлення ў Якушаўцы ўцякаць адтуль. Тады ён паступіў валасным пісарам у м. Свіслач і гэтым здзейсніў другую мэту, якая таксама часта практыкавалася пазнейшымі народнікамі, а іменна — заняцце ніжэйшых адміністратыўных пасад у вёсцы. Зрабіў ён гэта зноўтакі таму, каб стаць бліжэй да народа і ў той жа час сваім афіцыйным становішчам пісара нібы легалізаваць сваю прапаганду сярод сялян. Звычайна валасныя пісары былі стараннымі і прытым баязлівымі і сляпымі клеўрэтамі паліцэйскіх улад, і іх у той час менш за ўсіх можна было западозрыць у палітычнай нядобрасумленнасці. Але хутка Каліноўскаму прышлося пакінуць і гэту пасаду, бо мясцовая паліцыя пачала адгадваць сэнс яго маскіроўкі. Пераапрануўшыся ў сялянскую вопратку, ён узяў сабе імя «Васіль Світка» і пад гэтым іменем стаў весці вандроўнае жыццё, пераходзячы з вёскі ў вёску, ведучы сярод сялян агітацыйную работу прыслухоўваючыся да таго, што гавораць і чаго чакаюць народныя масы. Ён не выходзіў за межы Гродненшчыны, але ў яе межах ён набыў велізарнейшую папулярнасць сярод сялян. Сяляне склалі аб ім легенды, як аб народным героі. Паліцыя прабавала яго арыштаваць, але за моцнай агарожай народнай любві ён быў недасягальны.

У гэты перыяд вандраванняў па вёсках Беларусі Каліноўскі укладваў у сваю прапаганду і агітацыю тыя-ж думкі, якія ён запазычыў з знаёмства з рускай рэволюцыйна-дэмакратычнай літаратурай у часы сваіх студэнцкіх год, праведзеных у Пецербургу. Цяпер гэтыя думкі ён вытлумачваў народу у простай форме і на зразумелай для яго мове. У гутарках з сялянамі ён гаварыў, што ў сялян ёсць два галоўныя ворагі: рускія чыноўнікі на чале з самім царом і польскія паны. Падрыхтоўваючы сялян да паўстання, ён пераконваў іх спадзявацца толькі на ўласныя сілы і дзейнічаць адпаведна з сялянскімі інтарэсам, «Паўстанне павінна быць чыста мужыцкім, - гаварыў ён, - шляхта, паколькі яна не пойдзе за мужыком, павінна загінуць». Разам з тым ён растлумачваў сялянам, што іх ворагі не здадуцца дабравольна і што для перамогі над імі неабходна ўзброенае паўстанне. Ён настойваў на тым, каб сяляне актыўна ўдзельнічалі ў рэволюцыі, верыў у іх рэволюцыйныя і арганізатарскія здольнасці і пераконваў сялян стварыць уласныя кіруючыя рэволюцыйныя арганізацыі.

Свае рэвалюцыйна-дэмакратычныя погляды Кастусь Каліноўскі развіваў не толькі шляхам вуснай прапаганды. Ужо летам 1862 года яму удалося арганізаваць друкарню ў Беластоку, і з ліпеня месяца там пачала выходзіць яго газета, названая ім «Мужыцкая праўда». Ён выступаў у ёй пад рознымі імёнамі.