Старонка:Каспяровіч Каганец.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

было жыць у б. Царстве Польскім, куды ён і зьезьдзіў, пакінуўшы сям‘ю каля Стоўбцаў. Але знайсьці працу там яму не ўдалося, ён вярнуўся ў Менск і раптоўна памёр за шклянкай гарбаты ў сваіх знаёмых.

Малы Казімір меў тады каля 6 год і змушаны быў зарабляць сабе на хлеб, як роўны з іншымі членамі сям‘і. Тутака, у Засульлі, ён пачаў пасьвіць і быў пастухом ад 6 до 11 год. Выганяць прыходзілася ледзь ня ўночы—раніцай і прыганяць ледзь ня ўночы — ўвечары. Адпачыць-жа ўдзень, калі жывёла стаяла захаванай ў хлявушку ад аваднёў, нельга было, бо ня было чаго есьці і малы Казімір бег да каго-небудзь з суседзяў і вёў пасьвіць выпражанага з плуга каня, каб зарабіць сабе кубак малака. Ня гледзячы на такія надмерна цяжкія дзіцячыя гады, умовы працы сярод палёў часта разам з іншымі сельскімі дзецьмі, прывучылі малога Казіміра любіць беларускую прыроду, мову і сваіх па працы, а таксама зарадзілі ненавісьць да тамашніх палацаў, якія, як ужо сьцяміў у тоў час Казімір, жылі за кошт яго і яго прыяцеляў працы. Адзінокасьць у полі, у сваю чаргу, прычынілася таму, што Казімір Карлавіч духова разьвіўся рана і прывык многа думаць. Гэта прывычка і сталася пазьней падвалінай інтэлектуальнай незалежнасьці К. Каганца. Сваё няшчасьце і цяжкія дзіцячыя гады навучылі малога Казіміра адчуваць гора другіх, любіць жыцьцё сваяасаблівым каханьнем, усе пачуцьці перажываць пад кутом замілаваньня да ўсіх людзей, чаму ён навучаў і сваіх дзяцей у адным лісьце з турмы: „Кахайце ўсіх, ня толькі сваіх братоў, сёстраў і бацькоў, але ўсіх, увесь сьвет; а тады вам будзе лягчэй і бяду якую перанесьці“ (7.11.1910). Гэта-ж сваяасаблівая адзінота сярод прыроды прывучыла малога Казіміра да самастойных учынкаў і паспрыяла росту моцнай волі будучага Каганца; прынамсі трудна назваць каго-небудзь з беларускіх дзеячоў з мацнейшай воляй.

Хутка матка Казіміра Карлавіча ўзяла сабе новага мужа з сялян. У сям‘і сталі прыбываць новыя дзеці, жыцьцё не лягчэла. Усе далёкія сваякі былі страшэнна нездаволены другім замужжам маткі Казіміра Карлавіча.

У свой час бацька яго забясьпечыў быў за маткаю асобным дакумантам частку маемасьці за сваей жонкай; гэта частка не магла быць конфіскаванай. Але жонка выехала за мужам, спадзяючыся на лепшае, сваякі страцілі дакумант, а калі дакумант знайшоўся, то ўжо на маемасьць зайшла даўнасьць. Усё-ж дзякуючы нейкім прычынам, удалося атрымаць ад сястры маткі Казіміра Карлавіча каля 2 валок зямлі—пусткі ў Юцкох (Прымагільлі) каля Койданава,