Старонка:Каспяровіч Каганец.pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

свой асаблівы погляд на вырашэньне яго, так, у свой час ён пісаў у рэдакцыю „Нашай Нівы“ (у гэтым выпадку цалкам захоўваем напісаньне орыгіналу): „Посылаю я ў поважаную Рэдакцыю Ношой нивы одну статцю, котору Окраина побоялася надруковаци яко крамольную, і прошу ее надруковаци, и одно позвольце мне положыць одзин варунок, а меновице: статци которые буду писаць друкуйце так як ены написаны не змениваючы правописма. Я, бачыце хочу штобы вашу газэту уси беларусы могли чытаци и штобы мали з ее корысць, а не одна борысоўшчына и вилейсчына. Бо, хоч Вы гневайцеся-не гневайцеся, а мушу сказаць, што, так як цяпер выйходзиць, ена шыроко не розыйдзетца, бо большая часьць белорусоў не може ее чытаци з прычыны правописма. Як, прымером, можэ ее чытаци могылевец которы безударное о говорыць як ы, або полешук которы окае, а навэт и самому акаючэму складней будзе одличыць кота ад ката, коня ад каня, вода од вада и далей, як ката од ката, каня од каня, вада од вада. А також зауважце и тое, што акаюшчые белорусы бэзударное о и е гавораць не як а и я, а як бы штось неясное нито а, нито о, нито ы и тажэ мягкіе 'я-е-и, одно у водных местцох перэсиливае той зык у другых—другы, у трэйцих, трэйци, а чэцьвертых ниводзин з их не перэсиливае. А да ўсего гэтого белорус, убачыўшы вашэ правописмо, думае што гэто на смех з его мовы гэтак пишуць много з того шкоды выйходзиць" (чарнавы накідак без даты).

Вось галоўным чынам у гэтых пытаньнях, побач з шмат якімі іншымі, былі ў Казіміра Карлавіча і ўсёй яго групы разам з Палуянам, разыходжаньні з віленскай і пецярбургскай групамі беларускіх дзеячоў. Наколькі Полуян, Богдан і інш. прымыкалі да вышэй паказаных меркаваньняў Казіміра Карлавіча пакуль што невядома. Але разыходжаньні былі моцныя і ёсьць думка, што яны, побач з іншымі прычынамі, у значнай меры прычыніліся расчараваньню і самагубству Палуяна. Усё-ж Казімір Карлавіч, як і Палуян, стаяў вышэй звычайнай варожасьці да „Нашай Нівы“ і выпісваў яе сваім знаёмым сялянам, што відаць з лістоў і таго і другога.

Пытаньні альфабэту ня менш важныя чым пытаньні правапісу і над імі Казімір Карлавіч працаваў бадай больш, чым над апошнімі. Ён цярпліва і дасканала вывучыў расійскую, лацінскую, славянскую і арабскую азбукі, шукаючы найбольш адпаведных знакаў для беларускіх гукаў. Адначасна ён спрабаваў практычна ўкласьці беларускую азбуку, аб чым сьведчаць шматлічныя проэкты ў яго чарнавых паперах. Адзін з іх, з тэорэтычным угрунтаваньнем, складаецца з наступных начарна накіданых думак (на жаль, у су-