Старонка:Каспяровіч Каганец.pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І ў полі скібіны,
І пылінка нават —
Усё мне гадае
Пра тую дзяўчынку,
Пра ту каравоку,
Ту любу, ядыну
Майму сэрцу ў сьвеце...

Апрача ўсіх гэтых, у Казіміра Карлавіча ёсьць некалькі гістарычных вершаў: „У тры шляхі ідуць ляхі“, „Гадка пра Галубка", „Дума пра кн. Рамана Сангушку", „Пра пана Леньскага" і інш., у якіх ён таксама гаворыць аб нацыянальнай і соцыяльнай няроўнасьці, аб барацьбітох за нацыянальную волю народу і інш.

Фармальна поэтычныя творы Казіміра Карлавіча цалкам абаперты на народнай поэзіі. Ен пісаў ня горш сваіх сучасьнікаў і звычайным літаратурным вершам, але лічыў, што для беларускай поэзіі больш зручны народны склад. Як шчыры, упарты народнік, ён уважаў непатрэбным утвараць вершы на беларускай мове, а хацеў, каб пісаліся беларускія вершы пераважна па форме сваёй, каб беларуская літаратура паклала сваю складку ў скарбніцу ўсёй чалавечай культуры і формай сваеасаблівай. Беларускую поэзію ён тварыў беларускім складам, часамі дасягаючы дасканалых пасьпехаў. Пазьней гэту практыку творчасьці Казіміра Карлавіча і яго тэорэтычныя думкі аб гэтым тэорэтычна і практычна ўгрунтаваў Максім Багдановіч, але сьмерць ня дала яму магчымасьці выканаць гэту справу канчаткова.

Сакавітая проза Казіміра Карлавіча ня менш багатая за яго поэзію. У гэтай галіне мы маем ад яго простыя, высока мастацкія казкі: „Чым болей хто мае“ (1902), „Ня той міл богу“... (1901), „Адкуль зязюля ўзялася“ (1898), „Бутрымава прыгода“ (1902), „Страшнае закліканьне“, „Журавель і чапля“, „Ваўчок", „Скрыпач і ваўкі“, „Такая доля“, „Што кажух, то ня вата“, і інш.; захопліваючыя мясцовыя лягенды: „Навасадзкае замчышча" (1898), „Прылукі“, (1902), „Халера 40 року“ (1902), „Засульскія турэ“, „Вітаўка" (1902) і інш.; таленавітыя апавядяньні: „З нашага жыцьця", „Тры алешыны", „На сплаў“, „На сплаве", „Забойства ў пушчы“, „Першы сьнег і першае паляваньне“і шмат іншых і, урэшце, цікавыя публіцыстычныя („Парада", „З рэфэрату“, „З папераў" і інш.), бэлетрыстычныя(„Год“ і інш.) і навукова-популярныя („Вандроўка кроплі вады“, „Нашыя птушкі“ і інш.) для дзяцей артыкулы. Ва ўсім гэтым Казімір Карлавіч з замілаваньнем паказваў жыцьцё беларуса ў мінулым і сучасным сярод яго пекнай прыроды, прычым і тутака большасьць яго прозаічных рэчаў гаворыць аб соцыяльных умовах бытаваньня селяніна.