Старонка:Каспяровіч Багдановіч.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

„Ведай, брат малады, што ў грудзях людзей
Сэрцы цьвёрдыя, быццам з каменьня.
Разаб'ецца аб іх слабы верш заўсягды,
Ня збудзіўшы сьвятога сумленьня.
Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш,
Абрабіць яго трэба з цярпеньнем.
Як ударыш ты ім,—ён, як звон, зазьвініць,
Брызнуць іскры з халодных каменьняў". (193)

У М. Багдановіча:

„Грозна песьня разьліваецца, грыміць". (3)

„Усё калісь перажытае пакідала сьлед у сэрцы і ляжала нярухома цёмнай залежжу, пластом. Разварушце-ж, мае вершы, гэты пласт: хай згадка згадку кліча, цягне, хай чытач мой зноў былое пражыве“. (34)

Таму ў Багдановіча:

„І вее верш мой дзіўнай казкай,
І ясны ён, як зорак сны“. (177)

Праўда, Багдановіч ведае, што яго песьні петы ў часы нядолі, але іх можна распаліць:

„Ціхія мае ўсе песьні, цёмныя, як вугаль чорны,
Але ўсё-ж яны засьвецяць, калі я ў агні мучэньня
Іх разжару, распалю". (32)

I Багдановіч клапаціцца іх шліфоўкаю, распальваньнем. Ён зважаў, што ўжо мінуў час, калі лічылі, што ўся справа ў натхненьні і адаранасьці ад прыроды. Творчасьць ёсьць вышэйшая форма працы, і ён даводзіў, што ёй трэба вучыцца, хоць гэта і цяжка, можа. Даны погляд яго відаць з вершаванага лісту на імя Ластоўскага:

„... Моцарт і Сальеры
Варушыць мозак мой. Здаецца мне, што тут
Сальеры атрымаў несправядлівы суд.
Халодным розумам праняўшыся, натхненьне
Ён мусіў тым губіць,—так кажа абвіненьне.
Сальеры ў творчасьці усё хацеў паняць,
Ва ўсім упэўніцца, усё абмеркаваць,
Абдумаць спосабы, і матар'ял і мэту,
I горача любіў сваю сьвядомасьць гэту.
У творчасьці яго раптоўнага няма:
Аснова да яе—спакойная дума.