Перайсці да зместу

Старонка:Карчма (1926).pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная



9

На зямлі жыцьцякрылай крыніцы,
Дзе зязюля аб шчасьці кувала,
Волі лёгка было нарадзіцца, —
Але волю ў ланцуг закавалі.

Зноў прышлі чужаніцы-зладзеі…
Ох, дзянькі — аб іх жудасна пець…
А ў вёсцы жыла надзея, —
Вёска стала мяцежнай цяпер.

За зямлю, за харомы-палацы
Пагуляў ляха-пана бізун,
І сялянам прышлося хавацца —
Начаваць уцякалі ў лазу…

Шлёма быў з мужыкамі у лесе…
Бедны Шлёма вясковы карчмар, —
Ён — уцёк, бо хацелі павесіць, —
Усё за тое, што сын камісар.