Перайсці да зместу

Старонка:Карчма (1926).pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная



7

Хто ня плача і хто ня сумуе,
Калі гора бяз літасьці хіліць,
А хачу расказаць, чаму я
Пра сьлёзы жыдоўкі — Рахілі.

Я такіх спатыкаў нямнога,
Мо‘ ніколі такіх не спаткаю, —
Забывала радню ўсю і бога,
А мяне… мяне шчыра кахала.

Адраклася ад бацькавай веры —
Мы паверылі толькі каханьню.
Помню сьлёзы яе і цяпер…
Была восень… пахмурнае раньне.

Ой, Рахіль! Ты заплакала ціха.
Толькі я твае сьлёзы пабачыў…
Ад карчмы за ваколіцу выехаў —
Я сьмяюся, сьпяваю і плачу.