Перайсці да зместу

Старонка:Карчма (1926).pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная



Што зрабіць? Загадалі — і баста,
Адкупіцца — няма „фулэ-гелт“…
А пасьля ўспамінаў ён часта
У жыцьці нешчасьлівае лета.

З гэтых дзён, не забыць старому,
Калі з вёскі ў войска вышлі,
Шлёма думаў штодня аб пагромах,
Апусьціў галаву ён ніжай.

Час ідзе… У карчме цішэе,
Замірае ў вёсцы жыцьцё…
Толькі чуткі, што той — у траншэях,
Той забіты, а нехта ўцёк…

На гарэлку ў карчме — забарона…
Карчмару і сялянам — дрэнна…
Пра вайну Шлёма з кожным гамоніць,
Не счакае ніяк замірэньня.

Шлёма што? Політык ня вельмі,
Ён звычайны вясковы карчмар, —
Абзываў Пурышкевіча шэльмай
І баяўся казаць слова — цар.